Помнік Мулявіну плануецца ўсталяваць у Мінску сёлета

Помнік народнаму артысту СССР, заснавальніку ансамбля "Песняры" Уладзіміру Мулявіну плануецца ўсталяваць у Мінску ў канцы жніўня — пачатку верасня. Пра гэта сёння журналістам паведаміла першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга.

Фота: znak.com

Фота: znak.com

Помнік будзе адкрыты падчас мерапрыемстваў, прымеркаваных да 950-годдзя Мінска. «Канец жніўня — пачатак верасня — мы спадзяемся, што помнік будзе ў нас устаноўлены», — сказала Ірына Дрыга.
Па задумцы скульптара Аляксандра Каструкова, вялікі музыка выяўлены седзячы з гітарай у руках. Вобраз абраны роднымі Уладзіміра Мулявіна.
«Гэта мастацкае рашэнне, на думку аўтара, гарадскіх уладаў, Мінкультуры, нашых расейскіх калегаў, найбольш адпавядае месцы, дзе будзе ўсталяваны помнік — на бульвары Мулявіна за будынкам Белдзяржфілармоніі», —адзначыла Ірына Дрыга.
«Хацелася, каб помнік быў усталяваны ў месцы, міма якога можна не проста прайсці, але і пасядзець непадалёк, падумаць, пакінуць кветкі. Такое месца было знойдзена на бульвары Мулявіна», — дадала яна.
У 2014 годзе помнік музыканту быў адкрыты на яго радзіме ў Екацярынбургу. Скульптура, якую плануецца ў хуткім часе ўсталяваць у Мінску — свайго роду зваротны падарунак расійскага боку, які фінансуе стварэнне і дастаўку помніка. Усталяваны ж ён будзе за кошт сталічных уладаў.
Паводле zviazda.by