Прадпрымальнік зрабіў за свой кошт дарогу да дому. Яго аштрафавалі
І абавязалі вярнуць усё ў першапачатковы стан.

Прадпрымальнік з Мядзельскага раёна прывёў у парадак дарогу да свайго дома. Яго абвінавацілі ў самавольным заняцці зямлі і далі штраф.
Індывідуальны прадпрымальнік Станіслаў Тарпаеў жыве ў вёсцы Качарга Мядзельскага раёна, якая размешчана недалёка ад возера Нарач. Ён займаецца камп'ютарнымі паслугамі і фатаграфіяй на курорце. У мінулым годзе ён вырашыў развіваць аграэкатурызм. Прадпрымальнік атрымаў крэдыт, каб адрамантаваць дом.
Да дому вядуць дзве дарогі. Адна з іх — вузкая. У непагадзь па ёй з цяжкасцю праязджае легкавы аўтамабіль, не кажучы пра грузавік. Другая дарога — шырэйшая. Але яна з часам забалоцілася і зарасла. Станіслаў Тарпаеў вырашыў яе ўладкаваць, каб тэхніка магла пад'язджаць да хаты. Ён перыядычна яе падсыпаў і разраўноўваў.
«Думаю, трэба ўсё рабіць афіцыйна. Напісаў паперу ў сельсавет. Яе аддалі дарожнікам. Старшыня сказаў, што ўсё будзе нармальна. Гэта значыць, вусна мне далі дабро. Сказалі, каб хутчэй прывёў у парадак. Прыязджалі дарожнікі. Яны мне ўсё выраўнялі», — распавёў Naviny.by Станіслаў Тарпаеў.
Заяву ў сельсавет ён напісаў у траўні мінулага года, а ўжо ў чэрвені з Мядзельскага сельскага выканаўчага камітэта прыйшоў ліст, згодна з якім мясцовыя ўлады не далі дабро на пракладку дарогі, бо існуючыя «пад'язныя шляхі дастатковай шырыні для праезду малагабарытнага і буйнагабарытнага транспарту».
Да таго ж Станіслаў Тарпаеў быў абвінавачаны ў тым, што ён «самавольна заняў зямельны ўчастак для будаўніцтва дарогі».
У ліпені прадпрымальніка прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці і далі штраф у 230 рублёў. Ён ўклаў у дарогу каля 500 даляраў.
Зараз Станіслаў Тарпаеў павінен самастойна прывесці ўсё ў першапачатковы стан.
«Дарогі там не было. Ён зрабіў яе самавольна. А павінен быць праект. Гэтым арганізацыя павінна займацца. А то кожны сабе што задумаў, тое і робіць. Гэтак жа не робіцца», — сказаў Naviny.by старшыня Мядзельскага сельскага выканаўчага камітэта Вячаслаў Стрэж.
Станіслаў Тарпаеў напісаў некалькі скаргаў у вышэйшыя інстанцыі, але яны сталі на бок мясцовых уладаў. Прадпрымальнік будзе далей адстойваць сваю правату.
«Я як фізічная асоба не маю права самастойна нават наймаць дарожнікаў. Я павінен звярнуцца да юрыдычнай асобы — сельсавета. І толькі юрыдычная асоба, калі захоча, мае права рамантаваць дарогу, а я магу быць толькі спонсарам. Гэта, напэўна, непаразуменне ў заканадаўстве. Як можна ў Год малой радзімы развіваць малую радзіму, калі я нават дарогу не магу добраўпарадкаваць?» — абураецца прадпрымальнік.
Паводле naviny.by