Праграмістаў запрашаюць у СІЗА і ЛПП — на працу
Будучым праграмістам, калі яны скончаць навучанне, прапануюць працаваць у СІЗА і ЛПП.

Незвычайныя перспектывы адкрыліся перад выпускнікамі Мінскага радыётэхнічнага каледжа, паведамляе «Салідарнасць».
Выпускнікам каледжа прапануюць па заканчэнні ўстановы адправіцца на кантрактную службу ў СІЗА і ЛПП.
Хлопцам раздалі візітоўкі з запрашэннямі і кантактамі ідэолагаў ужо вядомага СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску, турмы №8 у Жодзіне, папраўчай калоніі №14 (Навасады, Барысаўскі раён), а таксама двух ЛПП — №3 у Слуцкім раёне і №6 у Дзяржынску.

— І гэта прапануюць праграмістам, якія паступалі з прахадным балам 9-10 і ў многіх з якіх ужо, дарэчы, ёсць праца, — здзіўленая маці аднаго з навучэнцаў.
Сам малады чалавек не ведае прычыну, якая б прымусіла яго пайсці працаваць у падобную ўстанову.
— Хіба што дапамагчы чымсьці людзям, якіх цяпер туды масава садзяць і сярод якіх сёння ёсць знаёмыя амаль у кожнага, — сказаў хлопец «Салідарнасці».