Пратэстанты, у якіх адабралі царкву, маліліся на паркінгу

У нядзелю вернікі царквы «Новае Жыццё» зноў сабраліся на паркоўцы каля свайго будынка на вуліцы Кавалёва, 72 у Мінску, паведамляе «Свабода». Будынак царквы паўгода таму забрала дзяржава.

Архіўнае фота: прыхаджане бароняць царкву

Архіўнае фота: прыхаджане бароняць царкву

Перад прысутнымі выступілі пастар «Новага Жыцця» Вячаслаў Ганчарэнка і пастар царквы «Ян Прадвеснік» Антоній Бокун. Апошні звярнуўся да прысутных са словамі натхнення і падбадзёрвання:
«Усім нам вызначана пэўнае змаганне ў гэтым жыцці. Гасподзь стварыў кожнага з нас — і ніхто не прыйшоў у гэты свет выпадкова. Гасподзь вызначыў, калі і дзе мы народзімся, якімі. Мы не выбіралі краіну, горад, у якіх народзімся, не выбіралі колер валасоў. Але гэта Бог выбраў нас, і паставіў, і даў прайсці пэўнае поле ў змаганні. Кожнаму Бог даў паводле сілы і здольнасцей. Але каб прайсці сваю дыстанцыю да канца, каб не ўпасці, нам трэба глядзець на пачынальніка і здзяйсняльніка веры — Езуса Хрыста. Таго, які панёс крыж, які памёр за нас. І Ён жывы. Калі я хачу прайсці сваю дыстанцыю, сваё змаганне, я гляджу на Езуса і веру, што гэта ключ да перамогі».
Напрыканцы набажэнства вернікі маліліся за Беларусь.
17 лютага 2021 года гарадскія ўлады пазбавілі пратэстанцкую царкву «Новае жыццё» памяшкання — кароўніка, які прыхаджане выкупілі і адрамантавалі 19 гадоў таму. Цяпер набажэнствы праходзяць на вуліцы, на паркоўцы перад будынкам.