Праваабаронца Сяргей Вакуленка галадае чацвёрты дзень
Берасцейскі праваабаронца Сяргей Вакуленка трымае сухую галадоўку ўжо чацвёрты дзень.
Ён пачаў яе а 8-й раніцы 25 ліпеня ў знак пратэсту супраць непрацягнення ягонага працоўнага кантракта.
Па словах Сяргея Вакуленкі, ён працягвае пры гэтым хадзіць на працу:
— Намагаюцца мне працягнуць кантракт, з-за таго, што я настойліва абараняю свае інтарэсы, а таксама бараню калегаў па працы. Калі наймальнік прыняў рашэнне неабгрунтавана павялічыць нормы выпрацоўкі, то я пра гэта напісаў. Быў загад, адмянілі. Усё роўна наймальнік парушае.
З ягоных словаў, стала вядома што ён звяртаўся да медыкаў з хуткай дапамогі падчас працы. Сяргей Вакуленка сцвярджае што ў яго павысілася тэмпература, узровень цукру ў крыві і пагоршылася самаадчуванне.
“Ад заўтрашняга дня я спыню гэта і пачну ўжываць ваду. Саму ж галадоўку, але не сухую працягну”, — падсумаваў Сяргей Вакуленка. Працуе праваабаронца ў сумесным прадпрыемстве “Дэльфа-Буг”.