Прэвентыўны нагляд ў дачыненні да Паўла Вінаградава спынены

Суд Бярэзінскага раёна 2 лістапада прыняў рашэнне аб спыненні прэвентыўнага нагляду ў дачыненні да Паўла Вінаградава. Пра гэта праваабаронцам паведаміў сам актывіст.



vinagradau_4.jpg

Павел Вінаградаў. Фота Еўрарадыё

— Гэта чыста фармальнае рашэнне, паколькі фактычна прэвентыўны нагляд у мяне скончыўся яшчэ 24 кастрычніка, а на наступны дзень я ўжо вярнуўся ў Менск, — паведаміў Павел.

Перад сканчэннем тэрміну нагляду грамадскаму актывісту, лідару моладзевай арганізацыі "Zmena" Вінаградаву давялося пахвалявацца, паколькі 9 кастрычніка суд у Беразіно разглядаў прадстаўленне Бярэзінскага РАУСа аб працягу прэвентыўнага нагляду над ім, аднак суддзя палічыў, што падстаў для працягу прэвентыўнага нагляду няма.

Нагадаем, пасля падзей у снежні 2010 года Павел Вінаградаў быў арыштаваны, а затым асуджаны на 4 гады зняволення. 14 верасня 2011 г. актывіст быў вызвалены паводле ўказу аб памілаванні, падпісанага кіраўніком дзяржавы. Але за ім быў усталяваны прэвентыўна нагляд тэрмінам на тры з паловай гады.

12 снежня 2014 года грамадскі актывіст, лідар моладзевай арганізацыі "Zmena" Павел Вінаградаў вымушана з'ехаў з Мінска, каб пазбегнуць досыць пільнай увагі да сябе з боку праваахоўнікаў і адміністратыўнага пераследу.

spring96.org