Прэзідэнт RFE/RL пра затрыманне журналістаў: гэта адчай Лукашэнкі

Кіраўнік Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода Джэймі Флай зрабіў заяву з нагоды інфармацыі пра затрыманне журналіста Алеся Дашчынскага, якога летась МЗС Беларусі пазбавіла акрэдытацыі як карэспандэнта Радыё Свабода.

Джэймі Флай

Джэймі Флай


«Арышт Алеся Дашчынскага з РСЕ/РС — як і арышты яго калег Алега Груздзіловіча, Іны Студзінскай і многіх іншых незалежных беларускіх журналістаў — з’яўляецца апошнім яркім сведчаннем адчаю Лукашэнкі. Гэтыя бесперапынныя напады на журналістаў, якія служаць народу Беларусі, не схаваюць праўду аб тым, што адбываецца ў краіне. Алесь і яго калегі павінны быць неадкладна вызваленыя».

Журналіста Алеся Дашчынскага, у якога летась у кастрычніку ўлады забралі акрэдытацыю карэспандэнта Радыё Свабода, затрымалі 16 ліпеня.

Супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў прыехалі па яго ў вясковы дом у Пастаўскім раёне, пасля прывезлі журналіста ў яго мінскую кватэру. Там адбыўся ператрус, які праводзілі чатыры супрацоўнікі, што прад’явілі пастанову ад 15 ліпеня. Але на якой падставе і кім яна санкцыянаваная, у дакуменце не было пазначана, паведамілі родныя журналіста.

Ператрус цягнуся амаль паўтары гадзіны, у Дашчынскага канфіскавалі ноўтбук, тэлефон, цвёрды дыск, флэшкі і банкаўскую картку. Калі журналіста выводзілі з кватэры пасля ператрусу, ён паспеў сказаць жонцы, што «ўсё будзе нармальна». Алесь Дашчынскі, меркавана, знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна.