Карэспандэнт Раман Васюковіч з'ехаў з Беларусі

Раман Васюковіч, беларускі карэспандэнт тэлеканалу «Настоящее время», з'ехаў з краіны. Цяпер ён знаходзіцца ў Тбілісі. Пра гэта Раман расказаў у эфіры праграмы «Вечар», піша Свабода.

images__2__1.jpg

«Вельмі складана стала працаваць журналістам у Беларусі, гэта не сакрэт. І або апынуцца ў турме, альбо з'яжджаць, — расказаў Раман. — Пару тыдняў таму я атрымаў чарговую позву ў міліцыю, я пайшоў разам з адвакатам у аддзяленне — мне пашанцавала выйсьці з гэтага РУУС. Але мне далі зразумець, што сочаць за маёй працай, за мной у цэлым, за мной як за карэспандэнтам „НВ“. Было відавочна, што калі не з'ьехаць, то я мог бы апынуцца ў спісе тых журналістаў, хто трапіў пад рэпрэсіі сёння. Адным словам, далі зразумець, што можна апынуцца ў СІЗА».
Суд у Мінску 6 ліпеня аштрафаваў Васюковіча на 870 рублёў (каля $ 343) за працу без акрэдытацыі: яго абвінавацілі ў парушэнні парадку вырабу і распаўсюджваньня прадукцыі СМІ (частка 3 артыкула 23.5 КоАП). Прэтэнзіі журналісту прад’явілі за эфір праграмы «Галоўнае» 25 траўня.
Беларускі МЗС ануляваў акрэдытацыю Васюковіча 29 жніўня 2020 года «на падставе прадстаўлення Міжведамаснай камісіі па бяспецы ў інфармацыйнай сфэры пры Савеце Бяспекі Рэспублікі Беларусь». Тады ж і на той жа падставе былі пазбаўленыя акрэдытацыі карэспандэнты беларускай службы Радыё Свабода, нямецкага тэлеканала ARD, журналісты BBC, Reuters, AFP, Associated Press і RFI.
Рэдакцыя тэлеканалу «Настоящее время» знаходзіцца ў Празе (Чэхія), а журналісты працуюць у Расіі, Украіне, Казахстане, Азэрбайджане, Грузіі, Кіргізстане і іншых краінах.
«Настоящее время» — гэта тэлеканал, створаны RFE/RL пры ўдзеле «Голасу Амерыкі».