Прозвішчы гульцоў БАТЭ на форме ў наступным сезоне будуць пісацца па-беларуску
Падчас закрытай сустрэчы кіраўніка футбольнага клуба БАТЭ Анатоля Капскага з заўзятарамі было агучана, што ў будучым сэзоне прозвішчы гульцоў на футболках будуць пісацца на беларускай мове. Пра гэта распавёў наведнік форуму на афіцыйным сайце барысаўскай каманды.
Дагэтуль Капскі скептычна ставіўся да такой магчымасьці, заяўляючы, што ня хоча падладжвацца пад нейкія тэндэнцыі толькі таму, што гэта модна. Вось што ён казаў сёлета ў красавіку:
«Мы пяройдзем на беларускую тады, калі зразумеем, што без гэтага не можам жыць. Але мне вельмі не падабаюцца імгненныя рашэнні. Ёсць цяпер нейкі трэнд, істэрыя. Шмат людзей, для якіх Беларусь — родная краіна, але гэтаксама ім родная расейская мова, бо яны — этнічныя расейцы... Абяцаю: калі прыйдзе час, пяройдзем на беларускую».
Што прыспешыла такое рашэнне — кіраўнік БАТЭ не ўдакладніў.
У сезоне 2016 году прозвішчы гульцоў на футболках па-беларуску ўказваюць шэсць клубаў вышэйшай лігі — абсалютны рэкорд за чвэрць стагоддзя суверэннага чэмпіянату.
Паводле Радыё Свабода