Прыйшлі «шукаць наркотыкі». А далі вялізны штраф за… рэпост у сацетках
Калі ўсіх нязгодных улады будуць выціскаць, то бяда будзе для нашай эканомікі, лічыць Ігар Кляшчук.
Ігар Кляшчук з’яўляецца адміністратарам суполкі «Дармаедаў і сацыяльных утрыманцаў» у сацыяльнай сетцы «Вконтакте». У канцы снежня ў яго кватэру прыйшлі з вобшукам быццам шукаць наркотыкі. А праз тыдзень асудзілі за парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў.
Нагодай для прысуду стала публікацыя ў сацыяльнай сетцы аб правядзенні акцыі «Ланцуг памяці», анансаванай Міколам Статкевічам 29 кастрычніка.
Суполка «Дармаедаў і сацыяльных
утрыманцаў» паўстала яшчэ ў 2015 годзе і існавала пад іншым іменем —
«Выбары-дурыбары». Пасля ўвядзення дэкрэту №3 Ігар Кляшчук, фрылансер-аніматар,
атрымаў «ліст шчасця» ад падатковай.
«І я вырашыў, што трэба змяніць назву суполкі і дапамагаць людзям, якія апынуліся ў той жа сітуацыі, што і я. Парадамі, інфармацыяй, перапостамі навінаў з незалежных сайтаў», — распавядае Ігар Кляшчук.
Зараз у суполцы больш за 6300 удзельнікаў. Публікацыі могуць набіраць да 2 тысячаў праглядаў.
20 снежня ў дзверы кватэры Ігара Кляшчука пагрукалі. Прадстаўнік мясцовага аддзелу міліцыі паведаміў, што ў яго ёсць звесткі аб прыналежнасці Ігара да распаўсюду наркатычных рэчываў праз сеціва, і неабходна правесці агляд кватэры. Ігар не быў супраць.
«Яны пачалі капацца ў маіх рэчах. І быў такі момант, калі яны знайшлі сцяг і плакат, з якім я хадзіў на акцыю 25 сакавіка. На ім было напісана «перамаглі фашызм — пераможам лукашызм». Той, хто праводзіў вобшук, запытаўся ў астатніх: «Ну што, бярэм?». Тады я сказаў ім: «Цяпер мне зразумела, навошта вы прыйшлі». І ён адразу ўсё хуценька схаваў, пачаў апраўдвацца», — распавядае Ігар.
Міліцыянты забралі падчас вобшуку
флэшкі, камп’ютар і ноўтбук. А праз некалькі дзён, 27 снежня, Ігару
патэлефанавалі і запрасілі прыйсці для тлумачэнняў. Мужчына адмовіўся ісці без
адваката і без позвы. Тады па яго прыехалі наўпрост з РАУСу.
«Сказалі, што яны даследавалі мой камп’ютар і знайшлі, што я з’яўляюся адміністратарам суполкі ў «Вконтакте. І раптоўна ўсё гэта пераўтварылася ў іншую справу», — кажа Ігар.
Суд прызначылі хуценька, на наступны дзень, з самага ранку. Сведкам выступаў той самы аператыўнік, што праводзіў вобшук. Вырак — 690 рублёў штрафу за перапост.
«Яны зрабілі ўсё гэта перад Новым годам, бо хацелі, каб інфармацыя не набыла розгаласу. Яны хацелі націснуць на мяне, але каб пра гэта ніхто не прачытаў. Бо Новы год, шмат іншых тэмаў, людзі такім не цікавяцца, думаюць пра іншае», — разважае Ігар.
Тое, што пошук наркотыкаў у кватэры Ігара Кляшчука быў прыдуманай падставай, каб распачаць пераслед, пацвярджае праваабаронца Наста Лойка.
«На маю думку, відавочна, што да яго прыходзілі не шукаць наркотыкі. Па той прычыне хаця б, што да яго прыйшоў проста мясцовы супрацоўнік міліцыі, а звычайна па справах аб наркотыках прыходзіць хтосьці з вышэйшых органаў, хаця б следчы. Гэта ўжо сведчыць аб тым, што была разнарадка прыйсці і забраць чалавека. Павесілі гэта на мясцовы аддзел міліцыі, яны прыдумалі прычыну і прыйшлі», — кажа Наста Лойка.
Рашэнне суду Ігар Кляшчук разам з адвакатам будуць абскарджваць. Праваабаронцам вядомыя і іншыя выпадкі пераследу адміністратараў буйных суполак у сацыяльных сетках, якія публікуюць заклікі да акцыяў або інфармацыю супраць уладаў. Але выпадак Ігара называюць адметным і трывожным, бо ён можа пераўтварыцца ў новы від рэпрэсіяў супраць актывістаў.
«Тут гэта выглядала неадэкватна і празмерна. Тое, што праводзілі ў яго агляд, рабілі аналіз на наркотыкі… А потым у апошні дзень знайшлі да чаго прычапіцца — да рэпосту запрашэння на акцыю. Для мяне гэта нейкая новая жорсткая рэпрэсіўная тэндэнцыя, калі спрабуюць аб’ядноўваць розныя віды рэпрэсіяў», — кажа Наста Лойка.
Суполку ў «Вконтакте» цяпер немагчыма знайсці проста ў пошуку, толькі праз асабістае запрашэнне. А таксама пры першым праглядзе старонкі з’яўляецца перасцярога аб тым, што змест прызначаны толькі для асобаў узросту 18+. Такое здараецца, калі нехта з карыстальнікаў скардзіцца на суполку або публікацыю. Магчыма, гэта маглі зрабіць самыя міліцыянты, бо суполка знікла з пошуку менавіта пасля таго, як у Ігара забралі камп’ютар.
«Такім чынам яны стараюцца бароцца з незалежнымі рэсурсамі, бо я публікую там тэксты незалежных блогераў. Сам я рэдка раблю пасты. Бяру публікацыі з розных рэсурсаў і адаптую іх пад сацсетку», — кажа Ігар.
Тэхніку Ігару Кляшчуку пакуль не аддалі. Ігар стварае анімацыю і графіку і калі б не дапамога сяброў, яму не было б як зарабляць грошы на жыццё.
«Я разумею, што калі супраць мяне пачнуцца нейкія сур’езныя рэпрэсіі, то мне прасцей за ўсё будзе ўзяць і з’ехаць. Рукі ёсць, галава ёсць, камп’ютар я сабе збяру ў любой кропцы свету і буду працаваць далей. Але калі ўсіх нязгодных яны будуць так выціскаць, то яшчэ большая бяда будзе — для нашай эканомікі».
Вераніка Уладзімірава, фота Ірына Арахоўская, belsat.eu