Улады ЗША пераглядаюць стаўленне да марыхуаны ў асобных штатах

Міністэрства юстыцыі ЗША заявіла пра перагляд стаўлення да дазволу на ўжыванне марыхуаны, паведамляе "Радыё Свабода".

Ілюстрацыйнае фота, www.svaboda.org

Ілюстрацыйнае фота, www.svaboda.org

Супраць выступаюць лідары штатаў, дзе наркотык ужо легалізаваны. Паводле прагнозаў, да 2021 году аб’ём гэтага рынку дасягне 23 мільярдаў долараў.

Кіраўнік ведамства Джэф Сэшнс вырашыў адмовіцца ад палітыкі часоў былога прэзідэнта ЗША Барака Абамы. Тады прадугледжвалася, што федэральныя пракуроры не павінны перашкаджаць заканадаўчаму працэсу легалізацыі марыхуаны ў асобных штатах.

«Місія Міністэрства юстыцыі палягае ў забеспячэнні выканання законаў Злучаных Штатаў, а папярэднія крокі падрываюць вяршэнства закону», — цытуе заяву Сэшнса «Нью-Ёрк Таймс».

Ранейшую палітыку адміністрацыі Абамы чыноўнік назваў «непатрэбнай», паколькі, на перакананне міністра, марыхуана ёсць небяспечным наркотыкам, а яе абарачэнне з’яўляецца сур’ёзным злачынствам.

«Прынцып неўмяшання» і пры Абаму меў шэраг выключэнняў: так, федэральныя ўлады не мелі права заплюшчваць вочы на ўдзел у гэтым бізнэсе арганізаванай злачыннасці або на спробы распаўсюджваць наркотык сярод непаўналетніх.

Рашэнне Сэшнса з’явілася праз тры дні пасля таго, як вытворчасць, захоўванне, перавозка і продаж марыхуаны былі легалізаваныя ў Каліфорніі — шостым штаце ЗША, які пайшоў на такі крок. Дагэтуль на такі крок пайшлі Аляска, Каларада, Невада, Арэгон і Вашынгтон.

Чакалася, што сёлета пачнуцца продажы ў Масачусетсе і Мэне. Усяго 29 штатаў і акруга Калюмбія хоць бы часткова легалізавалі гэтае рэчыва, у тым ліку для выкарыстання ў медыцыне.

Шэраг губернатараў і заканадаўцаў ад абедзвюх партый раскрытыкавалі рашэнне Міністэрства юстыцыі. Яны адзначылі, што федэральныя ўлады не павінны ўмешвацца ў справы штатаў.