Да Еўрагульняў-2019 чатыры сотні міліцыянтаў павінны вывучыць англійскую мову

Міністэрства ўнутраных спраў вырашыла навучыць англійскай на трохмесячных курсах чатыры сотні міліцыянтаў. Курсы стануць часткай падрыхтоўкі да Еўрапейскіх гульняў, якія адбудуцца ў нашай краіне.

dzenvoli__1_of_1__logo_1.jpg


На курсы адправяць супрацоўнікаў мінскай міліцыі, праваахоўнікаў з Мінскай і Магілёўскай абласцей, а таксама Дэпартамента аховы і ваеннаслужачых унутраных войскаў, паведамляе ej.by са спасылкай на прэс-службу МУС Беларусі.
У рамках курсаў міліцыянтаў хочуць навучыць весці дыялог з іншаземцамі па розных пытаннях. Падрыхтоўка ўжо пачалася.
"Для якаснай падрыхтоўкі праваахоўнікаў курсы па вывучэнні замежнай мовы праводзяцца на базе ведамасных устаноў вышэйшай адукацыі, — паведаміў начальнік аддзела прафесійнай адукацыі УПП ДУК МУС палкоўнік міліцыі Дзмітрый Мазанік. — Іх асноўная задача — навучыць весці дыялог з грамадзянамі замежных дзяржаў па розных пытаннях, якія могуць паўстаць у перыяд іх знаходжання на тэрыторыі нашай краіны. Цяпер на курсах займаюцца 100 чалавек (75 — у Акадэміі і 25 — у Магілёўскім інстытуце МУС). Паэтапна плануецца падрыхтаваць больш за 400 супрацоўнікаў, якія будуць непасрэдна ўдзельнічаць у забеспячэнні грамадскай бяспекі ў перыяд правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў".