Птушкапад пачаўся! Што рабіць, калі ўбачылі подлетка?

З траўня па ліпень птушаняты пакідаюць гнёзды і вучацца жыць самастойна. Арнітолагі папярэджваюць: калі вы ўбачылі птушаня-подлетка, які ўпаў на зямлю, не забірайце яго!

Подлеткі дразда і вароны

Подлеткі дразда і вароны

У разгар сезону ў грамадскую арганізацыю «Ахова птушак Бацькаўшчыны» штодня тэлефануюць людзі: "Я знайшоў птушанятка! Што рабіць?" Людзі забіраюць птушанят дадому, спрабуюць выкарміць і “дапамагчы”, а ў выніку птушка гіне. Што не так?

Чаму птушаняты “сыплюцца” з гнёздаў?

З аднаго боку, пасядзець бы птушантку ў гняздзе падолей, набрацца сілы. Але кожны дадатковы дзень у гняздзе – гэта дадатковая небяспека, што птушанят знойдзе драпежнік, дый паразіты размножваюцца ў камфорце. Таму птушаняты пакідаюць гнёзды як мага раней. Яны выскокваюць, спрабуюць паляцець і прызямляюцца на галінкі ці на зямлю. Бо адразу, без трэніроўкі, узляцець нялёгка. У гэты “навучальны працэс” ўмешвацца нельга! Птушаня не адлятае за межы гнездавога ўчастка, і дарослыя птушкі за ім прыглядаюць і адкормліваюць.

Як адрозніць подлетка ад дарослай птушкі?

Подлеткі звычайна яшчэ не цалкам убраліся ў пер’е, махавые і рулявыя пёры ў іх могуць быць часткова ў трубачках (зародках будучых пёраў). Птушаняты соваў пакідаюць гняздо рана, калі яны яшчэ ў пуху. У вераб'іных птушанят на краях дзюбы - жоўтыя валікі, нездарма іх называюць “жаўтароцікамі”. Акрамя таго, ва ўсіх малых звяроў і птушак галава і вочы прапарцыйна вялікія. Набор гэтых прыкмет выклікае эмацыйную рэакцыю і імкненне дапамагчы, абараніць слабую малечу. Але ў апісаным выпадку трэба стрымаць гэты прыродны парыў: не зносьце птушаня дадому, вы не паклапоціцеся пра яго лепш за яго бацькоў!
Часта подлеткаў памылкова прымаюць за «хворую» або «недаразвітую» птушку. Насамрэч з птушанём усё ў парадку: гэта «падлетак», і ён хутка вырасце ў дарослую птушку!

Прыкметы подлетка

у птушаняці можа тырчэць пух на галаве ці спіне;кароткі хвост, як быццам «абгрызены»;махавыя і рулявыя пёры часткова ў трубачках;на краях дзюбы - жоўтыя валікі.
Калі хоць адна з гэтых прыкмет ёсць, то перад вамі – подлетак. Птушаня вучыцца, не замінайце яму!Больш за тое, вашыя дзеянні могуць прывесці да таго, што спалоханыя звыш меры бацькі і праўда пакінуць птушаня або нават увесь вывадак.

Я знайшоў подлетка: што рабіць?

Такім чынам, адказваем на галоўнае пытанне: калі вы знайшлі подлетка, не рабіце нічога!
Калі вы бачыце подлетка ў дзікай прыродзе (у лесе, на полі, каля вадаёма) - адыдзіце далей і не турбуйце птушаня і яго бацькоў.
Калі вы бачыце подлетка ў горадзе, то ацаніце месца як небяспечнае/бяспечнае. Калі побач – праезная частка, ажыўленая сцежка, пляцоўка для выгулу сабак або дзіцячая пляцоўка, то лепш акуратна перанесці птушаня (недалёка!) да найбліжэйшых кустоў ці дрэваў, падсадзіць на галінку: бацькі знойдуць яго, а людзі-“выратавальнікі” – не. Рабіце гэта толькі ў самых небяспечных для птушак месцах і вельмі акуратна: падчас пагоні птушка адчувае стрэс, а людзі могуць пашкодзіць яе яшчэ далікатныя косткі або выдраць хвост. таксама не варта спрабаваць пакарміць птушку.

“Я ўжо забраў птушаня дадому”

Як мага хутчэй вярніце птушку на тое самае месца, дзе ўзялі! Пажадана пасадзіць птушаня на галінку, падкінуць на брыль пад'езда або дах гаража, каб па вашым паху яго не знайшла сабака або кот.
— Вельмі важна не забіраць птушанятаў дадому! — падкрэслівае спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сямён Левы. — Людзям шкада птушанят, як шкада кацянят ці шчанюкоў. Але птушаняты — гэта зусім іншае: маладыя дзікія жывёлы павінны заставацца ў дзікай прыродзе! Так, не кожнае птушаня зможа стаць дарослай птушкай, іх чакаюць натуральныя небяспекі. Але гэта — законы прыроды. Падумайце вось пра што: калі вы ўзялі дадому моцнае птушаня, якое, магчыма, выжыла б у прыродзе само, вы ўжо безумоўна «забілі» яго для прыроды. Нават калі яно потым пражыве ў няволі дзясяткі гадоў. Бо птушаняты патрабуюць спецыфічнага догляду, у тым ліку — кармоў, і прадказальна, што больш за палову выпадкаў такой "дапамогі" ад людзей сканчаюцца сумна, у найгоршым сэнсе гэтага слова.
АПБ звяртаецца з просьбай да ўсіх, хто турбуецца за подлеткаў: калі ласка, не чапайце птушанят! Не стварайце цяжкасцяў ні птушкам, ні сабе: прырода ўсё прадугледзела!
Акрамя таго, АПБ нагадвае, што наша заканадаўства забараняе вымаць жывёл з дзікай прыроды, і такое выняцце птушаняці будзе не толькі бессэнсоўным, але і трапіць пад адміністрацыйную адказнасць як правапарушэнне.
Паводле прэс-службы ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны"