Рагачоў не стане горадам Караткевіча і Лынькова: як ідзе падрыхтоўка да Дня беларускага пісьменства (фота)

Горад Рагачоў, дзе сёлета ў верасні мае праводзіцца Дзень беларускага пісьменства, нагадвае цяпер вялікі разварочаны мурашнік. Перакрыты цэнтральныя вуліцы, зрэзаны стары асфальт на праежджай частцы і ходніках, раскапаны камунальныя траншэі.

pism.jpg

«Трэба ўправіцца да 4 верасня, — азадачана адклікаюцца дарожныя рабочыя ДРБУ-154. — Каб яшчэ й плацілі адпаведна, то можна было б яшчэ й больш напружвацца».

Гараджане, што б’юць ногі на ўздыбленых вуліцах, збольшага па-філасофску ставяцца да цяперашніх нязручнасцей.

 

pism2.jpg

«Затое будзе прыгожа!» — цвердзяць маладзіцы, адна з якіх трымае маленькую дачушку на руках, не наважваючыся апусціць яе на ходнік на свае ножкі.

Цікавімся ў суразмоўніц, а што ўсё-ткі застанецца ў Рагачове нашчадкам пасьля Дня пісьменства — менавіта пра само беларускае пісьменства?

Дзяўчына-старшакласніца прыгадвае: «Ой, і праўда, у нас жа Ўладзімір Караткевіч жыў. І ў майго аднакласніка сваяк — паэт Мікола Янчанка. Нешта пра „залаты вулей“ пісаў. Ім бы абодвум помнікі паставіць!»

pism3.jpg

Жанчына з дачушкай згадвае Міхася Лынькова і Алеся Жаўрука. Наступны суразмоўца перакананы, што ў Рагачове жыў і Андрэй Макаёнак.

«Каму каму, а класікам беларускім нейкія манументальныя знакі пашаны мусіць быць. Караткевічу, канечне, найперш, — перакананы гараджанін, які назваўся Уладзіславам. — Са школы памятаю яго „Каласы пад сярпом тваім“. У Менску ў тэатры глядзеў пастаноўку „Ладдзя роспачы“. Слухайце, мой жа дзед знаўся з Караткевічам. Кніг яго ў нас дома багата. Часу ўсё бракуе, але ж займуся, пачытаю»

Пэрліна нацыянальнага пісьменства

Размовы з мінакамі хоць і ня поўна, але пакрысе выкрышталізоўваюць проста-такі ўнікальную панараму беларускага пісьменства, так ці інакш звязаную з Рагачовам. Горад па-над Дняпром, увесь тутэйшы край — сакральная мясьціна беларускай літаратуры, пэрліна нацыянальнага пісьменства, скарбонка літаратурных талентаў. Называй яшчэ дзесятак высокіх азначэнняў — і будзе правільна. Нават просты пералік імёнаў беларускіх творцаў, чыё нараджэнне, творчасць зьвязаныя з Рагачоўскім краем, павінны былі падштурхнуць дзяржаўных мужоў, міністэрствы і творчыя саюзы, інтэлігенцыю і саміх рагачоўцаў зрабіць яго месцам ушанавання і пакланення.

Задумацца толькі: Уладзімер Караткевіч, Міхась Лынькоў, Андрэй Макаёнак, Мікола Сурначоў, Рыгор Суніца, Васіль Гарбацэвіч, Алена Васілевіч, Алесь Жаўрук, Фёдар Янкоўскі, Аляксей Зарыцкі, Анатоль Вярцінскі, Васіль Ткачоў, Мікола Янчанка, Уладзімер Мехаў, Наста Кудасава. Лічыць — не пералічыць. Адны з іх нарадзіліся на Рагачоўшчыне, іншыя, як Алесь Жаўрук (Сінічкін) ці Алена Васілевіч, вучыліся ў настаўніцкай семінарыі-інстытуце, ці, як Уладзімер Караткевіч, жылі падоўгу, ствараючы шэдэўры беларускай літаратуры. Зарыцкі з Жаўруком спадобіліся нават выдаваць тут сатырычную газэту «Смех і слёзы».

Дык што пакінуць арганізатары Дня пісьменства — райвыканкам, аблвыканкам, профільныя міністэрствы інфармацыі і культуры — у спадчыну рагачоўцам ды ўсёй Беларусі?

Уладзімір Літоўчанка з сынам

Уладзімір Літоўчанка з сынам

«План падрыхтоўкі з гараджанамі ніхто не абмяркоўваў, не знаёміў, куды і колькі грошай накіраваць, — кажа мясцовы жыхар, прэтэндэнт на дэпутацкі мандат у Палату прадстаўнікоў Уладзімір Літоўчанка. — Бачна, што ў горадзе мяняюць цеплавыя сеткі, рамантуюць некаторыя жылыя дамы, аўтобусныя прыпынкі, парадчаць сквер на вуліцы Леніна, укладваюць новы асфальт. Што будзе на выхадзе, пабачым. Былі і размовы наконт таго, каб перанесці Дзень пісьменства на больш позні тэрмін з-за камунальных аб’ёмаў працы ці наагул зрабіць яго ў Бабруйску. Пра музеі й помнікі нашым пісьменьнікам наагул нічога не чуў».

Некаторыя рагачоўцы згадвалі паведамленне ў мясцовай газеце кіраўніка камунальнай гаспадаркі аб тым, што да Дня беларускага пісьменства маюць аднавіць кампазіцыі «Уязны знак «Рагачоў» і «Памятны знак-стэла «Рагачоў» — яны сустракаюць і праводзяць гасцей гораду над Дняпром.

«Складваецца ўражанне, — кажа мясцовая грамадская актывістка, філолаг Ірына Купцэвіч, — што ў горадзе рыхтуюцца да чарговых „Дажынак“. Няма тут ні музея, ні помніка ані Караткевічу, ані Лынькову, як і іншых знакаў таго, што Рагачоў надзвычай шмат уклаў у скарбонку беларускага пісьменства».

І сапраўды, стэла «Рагачоў» не раскажа, як Міхась Лынькоў жыў у «будцы», пры чыгунцы каля вёскі Старое Сяло, як нарадзіўся тут ягоны брат Рыгор Лынькоў (літаратурны псэўданім — Рыгор Суніца), як вучыўся Міхась у Рагачоўскай настаўніцкай сэмінарыі, настаўнічаў у Сьвержаньскай школе, рабіў першыя крокі ў літаратуры. Не распавядзе стэла і пра Рагачоў як знакавы горад для Ўладзіміра Караткевіча. А ён жа падоўгу жыў тут у дзедавай хаце, пішучы «Ладдзю роспачы», «Сівую легенду», «Віно дажджоў», часткова «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Тут Караткевіч скончыў і адзін са сваіх найлепшых твораў — аповесьць «Чазенія».

Знакавая вуліца

Збоку мікрараёну «Дзевяткі» дабіраемся на вуліцу Ўладзіміра Караткевіча. Раней яна называлася «Чкалава». Вуліца перарэзана дарогамі і школай на чатыры часткі. Тут ціха — ні грэйдэра, ні асфальтаўкладчыка.

Эдуард Кавалёў

Эдуард Кавалёў

Мясцовы жыхар Эдуард Кавалёў занепакоены станам вуліцы: «Вясной і восенню дзеці ў школу ідуць па калена ў гразі. Хоць бы гэты лапік заасфальтавалі. І дзецям сушэй было б, і машыны наш плот не ламалі б. Мы тут неяк паклалі карчы, каб адгарадзіцца ад транспарту, дык участковы прыйшоў і склаў пратакол на жонку».

Спадар Эдуард на свае вочы бачыў Уладзімера Сямёнавіча... Кажа, што ўлетку Караткевіч часцяком хадзіў з дзедавай хаты загараць на прыдняпроўскі пляж.

«Хата іхняя, — паказвае рагачовец, — па той бок школы, на той частцы вуліцы».

Творчы прытулак Караткевіча

Творчы прытулак Караткевіча

Некалі дыхтоўны прасторны дом, які паставіў Васіль Грынкевіч, дзед Караткевіча па маці, ужо пабраны часам. Бачна, што яго асабліва ніхто не даглядае. Пачарнелі бярвенні, шалёўка, даўно ня бачылі фарбы аканіцы.

Яшчэ ў васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя мясцовыя ўлады наважваліся ўзамен на кватэру забраць дом пад музей Караткевіча. Не дамовіліся ці не схацелі пайсці на ўмовы сваякоў пісьменніка, цяпер і не разабрацца.

Зараз тут гаспадарыць стрыечны брат Уладзіміра Караткевіча і не надта прыязна сустракае нязваных госцей. Згладжвае сітуацыю жонка, спадарыня Тамара:

Спадарыня Тамара

Спадарыня Тамара

«Гаспадар упіраецца, з ім не дамовіцца. А я хоць і зараз сышла б — няхай горад забірае мой пакой і робіць музей. Я ўжо й без таго перадала і здымкі, і некаторыя рэчы ў музэй Уладзіміра Сямёнавіча ў Воршу».

Подпіс на памятным знаку

Подпіс на памятным знаку

А тут, у Рагачове, каля дзедаўскага дому застаецца толькі прыціснуты да драўлянага плоту сьціплы знак з ладнага кавалка чорнага граніту, на адшліфаваным баку якога выгравіраваны партрэт творцы і надпіс: «Гэты дом многія гады быў творчым прытулкам выдатнага беларускага пісьменніка Ўладзіміра Караткевіча». Ды на зрэзаным пні ад таполі перад домам выбіваюцца яшчэ зялёныя парасткі раслін, надзвычай падобныя на ландышы.

Вуліца Караткевіча

Вуліца Караткевіча

Паводле Радыё Свабода