Расія не хоча сыходу Лукашэнкі. Яна хоча Беларусь
Шматлікія каментатары і назіральнікі ў апошнія чатыры месяцы так моцна хочуць, каб рэпрэсіўны кашмар у Беларусі закончыўся, і так моцна спачуваюць абуджанаму беларускаму народу, што лёгка вераць розным чуткам, здагадкам і домыслам, піша Сярей Абламейка на «Свабодзе».
Адным з такіх домыслаў, хутчэй за ўсё, з’яўляецца перакананне многіх, што Масква дамагаецца сыходу Лукашэнкі.
Мы як бы вярнуліся ў савецкую эпоху, калі журналісты спрабавалі разгадваць таямніцы крамлёўскай палітыкі, шукаючы схаваны сэнс паміж радкоў афіцыйных прамоваў ці за парадкам размяшчэння савецкіх лідараў на трыбунах.
Няма сумневу, што палітыка — гэта не толькі адкрытая і публічная справа, але і закулісная, шмат у чым таемная. Праблема ў тым, што домыслы — не лепшая падстава для аналізу. Аналізаваць трэба адкрытыя палітычныя заявы, якія звычайна з’яўляюцца працягам закулісных мэтаў палітычных актараў. І гэта праўда, што азначаць тыя ці іншыя заявы могуць не зусім тое (або зусім не тое), пра што ў іх гаворыцца.
Але бывае і наадварот. Бывае, што заявы азначаюць менавіта тое, пра што ў іх гаворыцца. Проста падаплёка іншая. У мяне няма сумнення, што заявы Масквы пра падтрымку Лукашэнкі — ні што іншае, як заявы ў падтрымку Лукашэнкі. Са сваімі мэтамі.
Ёсць два тыпы расійскай рыторыкі пра сітуацыю ў Беларусі.
Адзін — заявы афіцыйных асобаў (прэзідэнта, міністра замежных спраў, міністра абароны, прэс-сакратара Крамля) пра беспрэцэдэнтны замежны ціск на Беларусь і ўмяшанне ў яе справы з боку Захаду.
Другі — публікацыі друку і заявы расійскіх журналістаў пра тое, што Пуцін, маўляў, даў Лукашэнку тэрмін да... і г. д.
А што калі гэта не зусім тое ў абодвух выпадках? Што калі гэта «аперацыя прыкрыцця»?
Расія цалкам кантралюе сітуацыю ў Беларусі і яе сілавы апарат, дасылае ў Беларусь дзяржаўных прапагандыстаў, рыхтуе на мяжы рэзервы Нацыянальнай гвардыі для абароны дзяржаўных установаў у Менску ад пратэстоўцаў і ў той жа час гучна заяўляе ўсяму свету, што ён павінен свята трымацца прынцыпу неўмяшання ва ўнутраныя справы незалежных дзяржаваў і не лезці ў Беларусь.
Сітуацыя нагадвае спрэчку вакол здабычы на паляванні. Нехта падстрэліў дзічыну на мяжы сваёй тэрыторыі. Дзічына ляжыць на стромым пагорку — палова на тэрыторыі паляўнічых, палова — на тэрыторыі, гаспадары якой супраць забойства жывёл і палявання на іх — і паступова спаўзае на бок паляўнічых. «Зялёныя» спрабуюць падцягнуць жывёлу да сябе, каб уратаваць яе, і спасылаюцца на закон, які абавязвае ратаваць параненых жывёл. Паляўнічыя ж крычаць, каб жывёлу не чапалі, бо ёсць закон, які забараняе ўмешвацца ў паляванне на прыватнай тэрыторыі.
Дык вось заявы пра ўмяшанне ва ўнутраныя справы Беларусі — гэта паводзіны паляўнічых. Масква гучнымі крыкамі пра «неўмяшанне ва ўнутраныя справы» адпуджвае абаронцаў дзічыны. Гэта і ёсць «аперацыя прыкрыцця».
Расія чакае Беларусь. Чакае, пакуль Беларусь спаўзе на яе тэрыторыю. Чакае, пакуль аслаблены кіраўнік-сусед сам прынясе ёй сваю краіну на талерачцы. Расія ўжо гасцінна падставіла рукі і чакае, калі Беларусь скаціцца ў яе абдымкі. І марна казаць, што падпісаныя нелегітымным кіраўніцтвам дамовы будуць дэнансаваныя. Які будзе клопат да гэтага паляўнічым, якія ўжо вараць свежаніну ў вялікім катле на вогнішчы? І які клопат Маскве да таго, што «спаўзанне на яе тэрыторыю» Крыму ніхто не прызнаў?
Тое самае з тэкстамі расійскіх журналістаў з «Коммерсанта» і «Эха Москвы», якія, каментуючы заявы крамлёўскага ўладара пра беспрэцэдэнтны вонкавы ціск на Беларусь, пішуць, што Пуцін асабіста не любіць Лукашэнку і патрабуе ад яго сысці. Раз за разам мы чытаем, што Пуцін «прапанаваў Лукашэнку сысці спакойна і не цягнуць з гэтым», што Нарышкін і Лаўроў прывезлі Лукашэнку апошняе папярэджанне і т. д.
Гэтыя пасажы ад блізкіх да Крамля выданняў ці асобных журналістаў таксама з’яўляюцца «аперацыяй прыкрыцця». Але на гэты раз — уладара Расіі, яго палітыкі і яго «дэмакратычнага» іміджу.
Насамрэч, Расія хоча Беларусь — з Лукашэнкам ці без яго.
Паляўнічым мала клопату, ці вісіць на шыі ўпаляванай жывёлы бірка з літарай «Л». Бірку яны пасля зрэжуць. Галоўнае — мяса, яго колькасць і якасць, у сэнсе — тэрыторыя.