Рэдакцыя «Народнай Волі» звяртаецца па дапамогу

Рэдакцыя газеты «Народная Воля», якую адмаўляецца выдаваць дзяржаўны «Беларускі дом друку», а «Белпошта» і «Белсаюздрук» не хочуць распаўсюджваць надрукаваны за мяжой наклад, звярнулася па дапамогу да чытачоў.

Аддрукаваная ў Расіі "Народная воля"

Аддрукаваная ў Расіі "Народная воля"


«Шаноўныя прыхільнікі свабоднага слова! На жаль, блакада газеты з боку ўладаў працягваецца: па-ранейшаму забаронены доступ як да друкарні, так і да экспэдыцыі “Белпошты” і “Белсаюздруку”, якія займаюцца распаўсюдам выданняў, — гаворыцца ў звароце. — Ужо пяты нумар “Народнай Волі” мы аддрукавалі пад Масквой. Які далейшы лёс? Калі да панядзелка не загарыцца “зялёнае святло” ў Беларусі, нумар за аўторак зьявіцца толькі пры ўмове, што на рахунку рэдакцыі будуць сродкі для пералічэння іх расійскай друкарні».

Выхад кожнага нумара «Народнай Волі» без магчымасці рэалізоўваць значную частку накладу праз шапікі нясе рэдакцыі велізарныя страты. Да таго ж трэба яшчэ дадаць немалыя выдаткі на транспартныя ды іншыя паслугі. Таму застаецца адно выйсце, звяртаецца да неабыякавых людзей рэдакцыя: давайце выдаваць «Народную Волю» разам! «Адгукніцеся, паважаныя сябры, калі ў вас ёсць хоць нейкая магчымасць!», — сказана ў звароце.

«Сёння, як ніколі, у Беларусі павінна гучаць слова праўды, слова ў абарону правоў людзей, якія хочуць жыць у вольнай краіне, калі ўлады не будуць фальсіфікаваць вынікі галасавання падчас прэзідэнцкіх выбараў, калі вяршэнства закону стане нормай для ўсіх. Разам уратуем «Народную Волю!» — заклікае калектыў выдання.

Банкаўскія рэквізіты для пералічэння грошай на падтрымку газеты можна знайсці па спасылцы.

Паводле Радыё Свабода