«Рэйкавая вайна» ў Беларусі працягваецца. Генпракуратура вінаваціць затрыманых дыверсантаў у тэрарызме

За апошнія дні спецслужбы Беларусі арыштавалі мінімум чатырох чалавек, якіх падазраюць у зрыве графіку руху расийскіх цягнікоў са зброяй.

Беларуская чыгунка. Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Беларуская чыгунка. Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Сістэма продажу электронных квіткоў на беларускай чыгунцы не працуе ўжо тыдзень. Як паведамляюць крыніцы «Свабоды», не ўдалося ліквідаваць і праблемы з аўтаматызацыяй і кіраваннем рухам цягнікоў, якія ўзніклі на БЧ у апошнія дні лютага. Адказнасць за дыверсіі на чыгунцы бяруць на сябе суполкі беларускіх хакераў і згуртаванне былых праваахоўнікаў.
Чыгуначны тэлеграм-канал @bel_zhd паведамляе, што праблемы з рэгуляваннем руху ўзнікаюць на чыгунцы па ўсёй тэрыторыі Беларусі, у Маладзечне, Брэсце, Гомелі і іншых мясцовасцях.
«Станцыя "Мінск-Сарціровачны", — гаворыцца ў адным з паведамленняў за 28 лютага. — Адсутнасць магчымасці афармлення дакумэнтаў на прыбыццё / адпраўленне цягнікоў з прычыны непрацаздольнасці АСК САПОД (Сістэма аўтаматызацыі прадастаўлення аператыўных даных), не працуе АСК "Экспрэс" на станцыях Мінскага аддзялення "Беларускай чыгункі" і тэрміналы сістэмы БУГ-2 на станцыях Негарэлае, Гудагай, Багданаў, Орша-Усходняя, Чэрвень і Асінаўка. Выпадак расследуецца».

«Акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай»


Вінаватых у пашкоджанні праграмнага забеспячэння БЧ пакуль не знайшлі, афіцыйнай інфармацыі пра гэта няма. Пры гэтым СК і Генпракуратура паведамляюць, што міліцыянты затрымалі некалькі чалавек, датычных да фізічнага пашкоджання інфраструктуры чыгункі. Затрыманых абвінавачваюць у тэрарызме.
«Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь на падставе прадастаўленых ад Следчага камітэта матэрыялаў прынята рашэнне аб узбуджэнні крымінальнай справы паводле ч.3 арт.289 («Акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай») Крымінальнага кодэкса Беларусі, расследаванне якога даручана Галоўнаму ўпраўленню па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Следчага камітэта», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.
Звестак пра асобы затрыманых удзельнікаў «рэйкавай вайны» няшмат. Паводле інфармацыі СК, за падпал чыгуначнай інфраструктуры ля Стоўбцаў былі затрыманыя муж з жонкай. Следчыя сцвярджаюць, што яны прызналі віну і раскайваюцца ў здзейсненым. Іншай інфармацыі пра іх няма. Абаіх сужэнцаў збіраюцца абвінаваціць у акце тэрарызму, артыкул КК прадугледжвае за гэта пакаранне ад 8 да 15 гадоў зняволення.
Яшчэ аднаго чалавека спецслужбы затрымалі ў Светлагорску. СК сцвярджае, што ён дзейнічаў у змове са сваім сваяком, які пасля падзей жніўня 2020 года выехаў з Беларусі ў Літву, дзе хаваўся ад крымінальнага пераследу. Ад супольнасці былых сілавікоў затрыманы нібыта «атрымаў заданне ажыццявіць акты тэрарызму на чыгунцы». СК сцвярджае, што затрыманы меў «падрабязныя інструкцыі і відэаўрокі пра тое, як вырабляць прылады злачынства і ўчыняць тэракты на чыгуначных аб’ектах».
Адбылося затрыманне і ў Полацку. Там супрацоўнікі СК арыштавалі 28-гадовага жыхара райцэнтра. Падрабязнасцей пра яго справу пакуль няма. У пятніцу, 4 сакавіка, Следчы камітэт выступіў з афіцыйным папярэджаннем пра недапушчальнасць дыверсій на беларускай чыгунцы.
«Звяртаем асаблівую ўвагу грамадзян, што якое-небудзь умяшаньне ў бяспечнае функцыянаванне чыгункі можа прывесці да цяжкіх наступстваў, у тым ліку да траўмавання і гібелі людзей, тэхнагенных катастроф, прычынення шкоды дзяржаве і іншым субʼектам гаспадарання, — гаворыцца ў ім. — Не стаўце пад небяспеку сябе і навакольных!»

«Боепрыпасы перавозяць у звычайных вагонах»

4 сакавіка стала вядома, што Міжнародная рада чыгунак адхіліла чыгункі Расіі (РЖД) і Беларусі (БЧ) ад сустрэч, форумаў, працоўных груп і атрымання пераваг ад сэрвісаў асацыяцыі. На практыцы гэта азначае дадатковыя ўскладненні ў арганізацыі міжнародных перавозак. Прычынай выключэння стала салідарнасць з «Украінскай чыгункай».
Новых вайсковых эшалонаў з расійскай тэхнікай на беларускай чыгунцы больш не заўважаюць. Паводле інфармацыі чыгуначнага тэлеграм-канала belzhd_live, гэта яшчэ і таму, што боепрыпасы для расійскіх войскаў сталі падвозіць у звычайных таварных вагонах.
«З прычыны дыверсій і кібэратак на інфраструктуру беларускай чыгункі па Беларусі перасталі пераганяць арганізаваныя вайсковыя эшалёны з тэхнікай і боепрыпасамі расійскіх войскаў», — гаворыцца ў паведамленні канала.
Аднак для перавозкі боепрыпасаў прыдумалі новы спосаб. Іх сталі перавозіць у звычайных таварных цягніках. Боепрыпасы грузяць у звычайныя паўвагоны, часта пад тэнтамі.
Крыніцы канала пры гэтым сцвярджаюць, што боепрыпасы могуць перавозіцца без пазнак на вагонах пра небяспечны груз, а машыністы лакаматываў, у тым ліку беларусы, могуць нават не ведаць, які небяспечны груз вязуць.