«Рэпарцёры без межаў»: Беларусь — рэгіянальны чэмпіён у разгроме прэсы

Паводле сусветнага «Індэксу свабоды прэсы – 2021», які штогод складае арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF), журналістыка, якую называюць «асноўнай вакцынай супраць дэзінфармацыі», цалкам або часткова заблакаваная ў 73% са 180 краін, уключаных у рэйтынг арганізацыі, распавядае «Свабода».

af24ea46_a319_464a_8678_51beee055d36_cx0_cy4_cw0_w1023_r1_s.webp

Рэгіён Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі заняў перадапошнюю пазіцыю ў рэгіянальным рэйтынгу найперш праз падзеі ў Беларусі (рэйтынг якой апусціўся на 5 радкоў: цяпер яна займае 158-е месца са 180), дзе ўлада ў спробе прыкрыць масавыя вулічныя пратэсты супраць сфальсіфікаваных выбараў абрынула на журналістаў беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі.

Арыштаваныя падчас асвятлення пратэстаў або прэвентыўна, журналісты першапачаткова атрымлівалі кароткія адміністрацыйныя тэрміны з надуманых падстаў.

Пазней улады пачалі заводзіць супраць іх крымінальныя справы, якія караліся некалькімі гадамі турэмнага зняволення, і праводзіць фіктыўныя судовыя працэсы пад старшынствам суддзяў, якія выконвалі палітычную замову.

У імкненні задушыць усю незалежную журналістыку сілавікі пачалі пераследаваць і яе абаронцаў, асабліва Беларускую асацыяцыю журналістаў (БАЖ).

Паводле «Рэпарцёраў без межаў», больш за 400 журналістаў у Беларусі да канца 2020 года былі затрыманыя ці арыштаваныя, многія з іх пасля паведамлялі пра тое, што зазналі ў зняволенні знявагі і гвалт.

У Беларусі інтэрнэт быў цалкам недаступны цягам трох дзён пасля абвяшчэння спрэчных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, а затым час ад часу яго адключалі ў наступныя месяцы.