Рэстаўрацыя Чырвонага касцёла: больш шкоды, чым карысці?

Адна з візітных картак старога Мінска — Чырвоны касцёл святых Сымона і Алены — нарэшце вызвалена ад будаўнічай сеткі, завершаны першы этап рэстаўрацыі.

krokapp.by

krokapp.by

Пра гэта са словаў начальніка тэхнічнага аддзела КУП «Мінская спадчына» Сяргея Абрамава паведамілі нядаўна афіцыйныя інфармацыйныя крыніцы. Але яны не паведамілі, як ацэньвае працу «Мінскай спадчыны» грамадскасць і адмыслоўцы. Адзін з паважаных грамадзян нашага грамадства, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Тадэвуш Іванавіч Стружэцкі лічыць, што Чырвонаму касцёлу цяпер, пасля рэстаўрацыі, нанесена больш шкоды, чым карысці:
 Мы дзясяткі разоў збіраліся з рознымі спецыялістамі, але трэба зноў садзіцца за працоўны стол, таму што наперадзе самыя складаныя рэстаўрацыйныя работы — унутраныя: алтар, скляпенні, вітражы. А праблема Чырвонага касцёла ёсць, яна да канца не вырашана. Касцёл пабудаваны больш за 100 гадоў таму, ён ні разу не рэстаўраваўся. Але пры такой рэстаўрацыі, якая праведзена толькі што, дай Бог, каб будынак пратрымаўся хоць бы 50 гадоў без рамонту. Лепш было б увогуле не рабіць, чым рабіць так. І гэта не толькі маё меркаванне. Вонкава — так, усё прыгожа. Але касцёл пад новым дахам цячэ, падцёкі з'явіліся паўгода таму. Зараз усе недахопы бачныя толькі спецыялістам, але гараджанам яны таксама будуць бачныя — праз некаторы час, калі пачне крышыцца цэгла. Зараз ён чырвоны, а хутка можа свой колер страціць. Таму што працы па яго ачыстцы праводзіліся не ў той перыяд і не па той тэхналогіі. Спецыялісты наогул сцвярджаюць, што заўтра чырвоная цэгла будзе «плакаць».
Засмучаны вынікамі першай чаргі рэстаўрацыі члены касцёльнага камітэта: практычна, ні адно з іх пажаданняў не ўлічана. Зразумела, што будынак — помнік архітэктуры, але ёсць новая прыбудова савецкага перыяду, дзе можна было ўнесці карэктывы, пра якія прасілі людзі. А падземны ход з касцёла ў будынак плябаніі, дзе пасля рэстаўрацыі можна проста нагу зламаць? І зноў-такі галоўная трывога — цэгла. Вось што сказала Алена Францаўна Кабяк, член касцёльнага камітэта:
— Ніколі вежы ў нас не пакрываліся інеем у зімовы перыяд. Але пасля таго, як пескаструйным метадам знялі верхні слой цэглы, вежы ў пэўнае надвор'е сталі бялець. У нас і фатаграфіі ёсць. Значыць, у цэглу паступае вільгаць, якая замярзае, і яна будзе паступова разбурацца. Гэта катастрофа! Ды вось хоць бы падыдзіце бліжэй да сцяны і памацайце яе. Бачыце, ад цэглы рукі пэцкаюцца? Гэтага быць катэгарычна не павінна, цагліна не павінна брацца на рукі! Значыць, яе тут не пакрылі насычэннем, якое цагліну кансервуе. Не пакрытыя як след насычэннем, мабыць, і нашы вежы.
— Мы ўбачылі абсалютную безадказнасць, неадукаванасць людзей, якія ўзяліся за рэстаўрацыю ўнікальнага аб'екта. Узровень і якасць праектавання ніяк не адпавядае ўзроўню гэтага аб'екта, — падвёў вынік Тадэвуш Іванавіч Стружэцкі.
Настаяцель Чырвонага касцёла ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк ад каментароў адмовіўся:
Усё на свае вочы можна ўбачыць. Хто хоча, прыходзіць, фатаграфуе. Я не ўмешваюся.


nv-online.info