Рух «За Свабоду» арганізуе чытанні ў Дзень народзінаў Багдановіча
9 снежня класіку беларускай літаратуры Максіму Багдановічу споўніцца 125 год. Рух «За Свабоду» заклікае ў гэты дзень прыйсці да помніка паэту і прыняць удзел у літаратурных чытаннях.
«Збор удзельнікаў акцыі запланаваны на 9 снежня ў 19.00», — сказаў сябра мінскай гарадской Рады Руху «За Свабоду» Алесь Славінскі. Па ягоных словах, запланавана, што кожны жадаючы прачытае свой улюбёны верш паэта, потым да помніка ўскладуць кветкі, запаляць знічкі.
«Беларуская дзяржава мусіць ушаноўваць нацыянальных герояў, выбітных пісьменнікаў, тых асобаў, якія паспрыялі станаўленню беларускай нацыі. Замест гэтага яны зацыкліліся на падзеях чужой гісторыі. У краіне з'яўляюцца новыя помнікі Леніна, працягваецца святкаванне датаў, якія не маюць адносінаў да беларускай гісторыі, вольна сабе адчуваюць прапагандысты рускага міра», — пракаментаваў старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, які падтрымаў ініцыятыву сябраў Руху.
Ён нагадаў, што Максім Багдановіч — паэт, публіцыст, літаратурны крытык, перакладчык, літаратуразнавец, адзін са стваральнікаў беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай беларускай мовы.
«Набліжаецца чарговы юбілей, аднак не вядома пра святкаванне гэтай даты на дзяржаўным узроўні. Калі ўлады нічога не робяць, то грамадскасць мусіць узяць гэта ў свае рукі і нагадаць пра 125-годдзе Багдановіча беларусам. Менавіта таму мы плануем прыйсці да помніка, ускласці кветкі, запаліць свечкі», — заключыў Губарэвіч.
Паводле pyx.by