Сацсеткі ўскалыхнула відэа крывавага затрымання ў мінскім метро
Учора ўвечары ў інтэрнэце было апублікована відэа жорсткага затрымання хлопца на станцыі метро «Кастрычніцкая» у Мінску.
У затрыманні, як бачна, прымала ўдзел 6 чалавек — міліцыянты і супрацоўнікі метрапалітэну.
Відэа пачынаецца з моманту, калі хлопец ужо ляжыць на зямлі, а побач можна пабачыць сляды крыві. Хлопец брудна лаецца і аказвае супраціў, у аднаго з міліцыянтаў разбіты нос. Але пры якіх абставінах затрымлівалі хлопца і чаму — з відэа зразумець немагчыма.
«Пачакайце, я бачыла, як вы спынялі яго на эскалатары, ён нічога не рабіў», — кажа за кадрам жанчына, якая здымае відэа інцыдэнту.
Асцярожна! Жорсткія кадры і нецэнзурная лаянка!
Працягласць відэа — 3 хвіліны 37 секунд. Увесь гэты час міліцыянты беспаспяхова стараюцца зафіксаваць хлопца. Супрацоўнікі ўжываюць задушлівы прыём, адзін з міліцыянтаў цісне затрыманаму каленам на шыю.
У міліцыі ўжо пракаментавалі інцыдэнт у мінскім метро — там заявілі, што хлопец знаходзіўся ў стане наркатычнага і алкагольнага апʼянення.
«У 1.25 27 траўня малады чалавек спрабаваў увайсці на станцыю метро «Кастрычніцкая». Паводле папярэдняй інфармацыі, якую мы можам агучыць на дадзены момант, сваім неадэкватным станам ён прыцягнуў увагу супрацоўнікаў аховы метрапалітэна. У ходзе разбору ён аказаў актыўны супраціў і нанёс траўмы супрацоўніку міліцыі. У выніку – пералом касцей носу. Кроў супрацоўніка міліцыі і зафіксавана на запісы, якая трапіла ў сетку інтэрнэт», — распавёў у інтэрвʼю БелТА афіцыйны прадстаўнік ГУУС Менгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі.
У дачыненні да затрыманага распачата крымінальная справа па артыкуле КК 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Відэа затрымання актыўна абмяркоўваецца ў сацсетках — людзі абураюцца жорсткімі паводзінамі міліцыі і выказваюць спачування хлопцу.
Паводле belsat.eu/