Саюз беларускіх пісьменнікаў, ПЭН-цэнтр і БАЖ падрыхтавалі заяву ў Мінкульт

Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў звярнуліся ў Міністэрства культуры з просьбаю патлумачыць чаму гэтыя арганізацыі не ўвайшлі ў спіс творчых саюзаў.

001_8.jpg

Разам з тым іншыя грамадскія аб’яднанні, сябры якіх займаюцца аналагічнай дзейнасцю, у гэты спіс увайшлі.
"Мы звяртаем увагу на тое, што ёсць разыходжанні ў Кодэксе аб культуры і Пастанове №7 і звяртаемся з тым, каб нас уключылі ў спіс творчых арганізацый", ― распавядае старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч.
Пасля таго, як пісьменнікам патэлефанавала Ірына Дрыга, і кіраўніцтва Саюза беларускіх пісьменнікаў даслала ў Мінкульт звесткі пра дзейнасць арганізацыі, ніякіх тэлефанаванняў, лістоў і навін ад міністэрства не паступала, паведамляе euroradio.fm.
Нагадаем, усе згаданыя арганізацыі не ўвайшлі ў пералік творчых саюзаў, апублікаваны Мінкультам 17 лютага. Адпаведна, афіцыйна непрацаўладкаваныя сябры арганізацый, якія апрыёры лічыліся творчымі, аўтаматычна сталі "дармаедамі".
Тэкст звароту:
Нагадаем, паводле Дэкрэта № 3, сябры творчых саюзаў вызваляюцца ад падатку на дармаедства.
30 студзеня 2017 г. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прыняло пастанову № 7 “Аб вызначэнні пераліку творчых саюзаў”, згодна з якой у пералік творчых саюзаў уключаны:
1. Грамадскае аб'яднанне “Беларуская гільдыя акцёраў кіно”; 2. Грамадскае аб'яднанне “Беларускі саюз архітэктараў”;
3. Грамадскае аб'яднанне “Беларускі саюз дызайнераў”;
4. Грамадскае аб'яднанне “Беларускі саюз журналістаў”;
5. Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне “Беларускі саюз кінематаграфістаў”;
6. Грамадскае аб'яднанне “Беларускі саюз кампазітараў”;
7. Грамадскае аб'яднанне “Беларускі саюз літаратурна-мастацкіх крытыкаў”;
8. Грамадскае аб'яднанне “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці”;
9. Грамадскае аб'яднанне “Беларускі саюз музычных дзеячаў”;
10. Грамадскае аб'яднанне “Беларускі саюз тэатральных дзеячаў”;
11. Грамадскае аб'яднанне “Беларускі саюз мастакоў”;
12. Грамадскае аб'яднанне “Саюз пісьменнікаў Беларусі”;
13. Беларускае грамадскае аб'яднанне “Фотамастацтва”.
Грамадскае аб'яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, грамадскае аб’яднанне “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Беларускі ПЭН-цэнтр”, як і шэраг іншых арганізацый, члены якія займаюцца творчай дзейнасцю, не былі ўключаны ў пералік творчых саюзаў.
“Згодна з арт. 22 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, усе роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.
Сітуацыя, калі па незразумелых і непразрыстых крытэрах адны з грамадскіх аб'яднанняў былі ўключаны Міністэрствам культуры ў пералік творчых саюзаў, а другія — не, ёсць паказальнікам дыскрымінацыйнага падыходу з боку міністэрства да шэрагу арганізацыяў і іх членаў, якія займаюцца творчай працай, што парушае Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь”, — гаворыцца ў звароце ў Мінкульт.
Аўтары зварота просяць патлумачыць, па якіх крытэрах Міністэрства культуры вызначыла, якія арганізацыі адносяцца да творчых саюзаў, а якія — не; адмяніць пастанову № 7 “Аб вызначэнні пераліку творчых саюзаў”.
Беларуская асацыяцыя журналістаў заклікае далучыцца да звароту ў Мінкульт  і іншыя творчыя грамадскія аб’яднанні. Дакумент знаходзіцца ў офісе ГА “БАЖ” па адрасе Мінск, вул. Камсамольская, 7-32. Тэл.: +375 29 126-70-98. Далучыцца да звароту можна да 14-00 13 сакавіка.