Прыпыненне дэкрэта «аб дармаедах». Што засталося незразумелага

Спаганянне «збору з дармаедаў» прыпынена на бягучы год рашэннем кіраўніка дзяржавы. Тым, хто ўжо сплаціў збор, грошы вяртаць пакуль не будуць: гэтыя грошы «пойдуць у залік» на наступны год, але калі ў 2016 годзе «дармаед» знайшоў працу, тады грошы за 2015 год яму вернуць.

fotolia.jpg

Але пакуль з прыпыненьнем дэкрэту не ўсё зразумела — тым больш, што такое прыпыненне пакуль не пацверджана афіцыйна апублікаванымі дакументамі.

Невядома, як скарэктуюць «дэкрэт аб дармаедах»

Касаваць дэкрэт не будуць, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, а толькі «скарэктуюць цягам сакавіка». Афіцыйна апублікаваных пісьмовых распараджэнняў пакуль няма — толькі вусная заява. Хто будзе карэктаваць дэкрэт і як яго будуць мяняць, Лукашэнка не сказаў. Сказаў толькі, што «Адміністрацыя разам з урадам мусяць арганізаваць кантроль» за выкананнем рашэння аб прыпыненні дэкрэта.

Паводле словаў Лукашэнкі, на вуліцах пратэставалі «не тыя дармаеды, якія сапраўды дармаеды», а ў асноўным «тыя людзі, якія пакрыўджаныя, якім мы ні з таго ні з гэтага паслалі гэтыя паведамленні». Верагодна, «спісы дармаедаў» звузяць.

Прадстаўніца парламенцкай камісіі ў працы і сацыяльных пытаннях Тамара Красоўская распавяла журналістам, што з ліку «дармаедаў» збіраюцца выключаць жанчын, якія сядзяць дома з дзецьмі да 7 год; людзей, якія даглядаюць хворых бацькоў; людзей, якія праходзяць альтэрнатыўную службу і ўладальнікаў асабістых гаспадарак. Ці гэта ўсё і ці менавіта камісія будзе правіць дэкрэт, невядома.

Невядома, ці пакараюць вінаватых у народным абурэнні

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў «агіднае і безадказнае» выкананне дэкрэта з боку адказных чыноўнікаў, у тым ліку дэпутатаў «розных узроўняў, асабліва мясцовых саветаў». Выкананне дэкрэту, сказаў ён, было працай кожнага старшыні райвыканкаму, кіраўнікоў гарадзкіх і раённых адміністрацыяў, а кантроль быў справай кіраўнікоў райвыканкамаў і Менгарвыканкаму.

Але пакуль Лукашэнка не рабіў кадравых перастановак і не казаў пра магчымыя пакаранні. Толькі адзначыў, што «чэсных людзей ня трэба было чапаць наагул», і прасіў даць яму спісы «гультаёў, якіх трэба прымусіць працаваць».

Невядома, колькі чалавек не сплацілі збор, хоць мусілі

Апошнія звесткі пра тое, колькі людзей сплацілі збор, былі прадстаўленыя 21 лютага — на наступны дзень пасля завяршэння збору. Але тыя звесткі былі толькі папярэднія. Таксама толькі папярэднія звесткі прадстаўляліся пра тое, колькі людзей вызваленыя ад збору (даказалі, што «не дармаеды»), і то толькі па дзвюх асобных абласьцях, а не па ўсёй краіне.

Паводле гэтых папярэдніх зьвестак выходзіць, што збор сплацілі каля 52 тысяч чалавек, а не сплацілі, хоць мусілі, 300–350 тысяч. Гэтым апошнім пагражалі штрафы, адміністрацыйны арышт і прымусовыя працы. Але колькі месяцаў заняў бы разгляд у судах такой колькасьці спраў, уявіць цяжка.

Невядома, на што пойдуць сабраныя грошы

Грошы, сабраныя ў якасці «падатку на дармаедаў», запэўнівае Лукашэнка, павінны застацца ў раённых бюджэтах і «да капейкі павінны быць накіраваныя на ўтрыманне дзяцей»: дзіцячыя сады, дзіцячыя дамы, «купілі нешта, накармілі, напаілі і гэтак далей». Лукашэнка забараніў траціць сабраныя грошы на іншыя мэты — такія, як рамонт дарог і кватэраў.

Але ці можна за сабраныя грошы, напрыклад, будаваць дзіцячыя пляцоўкі ці рамантаваць дзіцячыя хоспісы, невядома. Раней пра «ўтрыманне дзяцей» не згадвалася. Дый увогуле раней не гаварылася, на што накіруюць сабраныя грошы.

Невядома, чаму прыпынілі дэкрэт

Пра тое, чаму дэкрэт прыпыняецца, Лукашэнка наўпрост не казаў. Але ён адзначыў, што «па 200–500 чалавек выходзяць на вуліцы» (насамрэч на шэрагу мітынгаў былі не сотні, а тысячы людзей) і казаў, што «мы не павінны крыўдзіць людзей, асабліва ў гэты час». Пры гэтым ён дадаў, што дэкрэт не эканамічны ці фінансавы, а «ідэалагічны» і «маральны» — дзяржава нібыта не збіраецца атрымаць з яго вялікіх грошай.

Таксама кіраўнік дзяржавы дадаў, што ведае пра агучаныя ў СМІ заявы тых, каго ён называе «пятай калонай». І ведае «нешта яшчэ — тое, чаго грамадзтва не ведае, хоць намёк у СМІ на гэта быў». Што за намёк маецца на ўвазе, няясна.

Невядома, ці будуць рэпрэсіі і правакацыі на акцыях пратэсту

Шэраг удзельнікаў акцыяў пратэсту супраць «дэкрэту пра дармаедаў» ужо выклікаюць у суды «за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве», некаторым даюць штрафы і суткі. Не падобна, каб асуджаным збіраліся вяртаць штрафы і кампенсаваць арышты. Але ці пойдуць зараз улады на жорсткія рэпрэсіі супраць удзельнікаў будучых акцый пратэсту, невядома. Тым часам арганізатары гэтых будучых акцый адмяняць іх не збіраюцца, бо патрабуюць не прыпынення, а скасавання дэкрэту.

Таксама незразумела, што меў на ўвазе тэлеканал «Беларусь-1», калі ў прапагандысцкім «рэпартажы» «Званок сябру» пытаў: «Ці дасць Статкевіч удзельніку мітынгу гарантыю, што яму не стрэліць у спіну нейкі кантужаны на Данбасе добраахвотнік з „Правага сэктару“?», «Ці дасць Статкевіч гарантыю, што той жа кантужаны не прыхопіць на мітынг выбухоўку, якая выбухне ў натоўпе?». Статкевіч казаў, што пра падрыхтоўку правакацый і тэрактаў не чуў.

Паводле Радыё Свабода