Маладзечна, Пінск, Бабруйск, Ворша, Рагачоў, — дзе пратэстуюць «недармаеды» 10–12 сакавіка

Як лічыць адзін з арганізатараў маршаў «Мы не дармаеды» Анатоль Лябедзька, колькасць удзельнікаў акцый у гэтых гарадах стане «адэкватным адказам на рэпрэсіі і агітпрап улады».

41eae4fe_aa67_442d_bc89_3d31596a8089_w1023_r1_s.jpg


Наступныя маршы «Мы не дармаеды» пройдуць 10 сакавікаўМаладзечне (18.00, Цэнтральная плошча), 11 сакавіка ў Пінску (12.00, плошча Леніна), 12 сакавіка ў Бабруйску (12.00, плошча Перамогі), Воршы (13.00, плошча Цэнтральная) і Рагачове (16.00, у цэнтры гораду).

Адзін з лідараў кампаніі «Мы не дармаеды», старшыня АГП Анатоль Лябедзька сказаў “Радыё Свабода”, што на ўсе акцыі паедуць лідары кампаніі, сярод якіх Віталь Рымашэўскі, Юрась Губарэвіч, Вольга Кавалькова ды іншыя.

 

Марш недармаедаў у Брэсце

Марш недармаедаў у Брэсце

«Мы бяром на сябе адказнасць за тое, што будзе адбывацца на гэтых акцыях. Я зрабіў відэазварот да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, у якім папрасіў не перашкаджаць нам рэалізоўваць на практыцы закон аб палітычных партыях і палажэнне Канстытуцыі аб свабодзе перамяшчэння. Такім чынам, калі зноў узнікнуць нейкія падазрэнні, што нібыта ў нас скрадзеная машына ці мы падазраёмся ў нейкім правапарушэнні, то гэта будзе выглядаць як палітычная замова. Мы хочам папярэдзіць такую сітуацыю, якая ўзнікла, калі мы спрабавалі трапіць на “Марш недармаедаў” у Брэсце 5 сакавіка».

Лябедзька лічыць, што ў маленькіх гарадах праблема беспрацоўя стаіць яшчэ больш востра, чым у Мінску, таму можна чакаць вялікай колькасці ўдзельнікаў акцыі:

«Адна з задач — паказаць геаграфію пратэсту. Раней лічылася, што пратэст — гэта прывілей Мінску. Я лічу, мы выбралі правільную стратэгію, што зрабілі стаўку на рэгіёны. Вельмі важна паказаць, што дэкрэт № 3 — гэта не праблема апазіцыі ў Мінску, а наадварот, яна закранае вялікую колькасць грамадзян, якія да апошняга часу былі дэпалітызаваныя. Гэтая тэма аднолькава моцна гучыць як у Мінску, так і ў рэгіёнах. Таму мы правялі акцыі ў абласных цэнтрах, а цяпер пераключаемся на меншыя гарады. Будзе вельмі цікава паглядзець, наколькі шматлікімі будуць акцыі. У Бабруйску акцыя пройдзе другі раз, можна чакаць, што яна будзе шматлюднай. А вось Рагачоў, Маладзечна, Пінск, Ворша — гэта параўнальна невялікія гарады, паглядзім, што там атрымаецца. Для нас гэта досвед. Калі людзі выйдуць, то гэта будзе вельмі адэкватным адказам на рэпрэсіі і на агітпрам улады».

 www.svaboda.org