Салігорск: Праваабаронцу БХК затрымалі да суда разам з роварам

У Салігорску 6 кастрычніка супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы праваабаронца Беларускага Хельсінкскага камітэту Леанід Мархотка. Пра тое, што ён ў ізалятары, стала вядома толькі на другі дзень.

Леанід Мархотка, прадстаўнік БХК у Салігорску. Фота: Радыё Свабода.

Леанід Мархотка, прадстаўнік БХК у Салігорску. Фота: Радыё Свабода.


Як паведамілі «Вясне» сваякі затрыманага, Мархотка ў аўторак вечарам на ровары кіраваўся ў бок дому. Яго спынілі і разам з роварам забралі ў аўтамабіль.

Толькі на другі дзень стала вядома, што Леанід утрымліваецца ў ізалятары да суда.

Сваякам дзяжурны супрацоўнік міліцыі паведаміў толькі тое, што на праваабаронцу заведзеная адміністрацыйная справа і яго да суда могуць утрымліваць пад вартай 72 гадзіны.

Ім удалося перадаць Леаніду цёплую вопратку і неабходныя лекі.

Пра дату, да якую прызначаны разгляд адміністрацыйнай справы, — пакуль нічога невядома.

spring96.org