Самалёт Belavia, які накіроўваўся з Мінска ў Анталію, падаў сігнал бедства

Самалёт авіякампаніі Belavia, які ляціць з Мінска ў Анталію, падаў сігнал бедства, паведаміла "Інтэрфаксу" крыніца ў авіядыспетчарскіх службах.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


"Самалёт Boeing 737, які накіроўваўся з Мінска ў Анталію, падаў сігнал бедства над Варонежскай вобласцю. Самалёт накіроўваецца ў Варонеж, дзе, як чакаецца, зробіць вымушаную пасадку", — сказала крыніца.
Па папярэдніх даных, на борце ўзнікла няштатная сітуацыя.
"Экіпаж падаў сігнал бедства праз гадзіну пасля вылету. Лайнер атрымаў дазвол дыспетчараў на экстранную пасадку ў Варонежы. Зараз самалёт хутка зніжаецца", — сказала крыніца.
Аднак самалёт, які падаў сігнал бедства, не стаў садзіцца ў Варонежы, а накіроўваецца ў бок Масквы.
"Экіпаж звязаўся з дыспетчарам і паведаміў пра няштатную сітуацыю на борце, запытаўшы экстраную пасадку ў Варонежы. Дыспетчары далі дазвол, а самалёт стаў выпрацоўваць паліва. Аднак пазней змяніў курс у напрамку Масквы", — сказала крыніца.
Паводле апошніх звестак, самалёт запрасіў экстранную пасадку з-за перагрэву алівы ў рухавіку.
 Самалёт з бартавым нумарам EW-455PA папоўніў парк Belavia ўсяго 5 гадоў таму. Раней ён нідзе не эксплуатаваўся, удакладніла крыніца.
З-за ўведзеных супраць авіякампаніі санкцый самалёты "Белавія" не могуць цяпер лётаць у цэлы шэраг краін. Палёты ў Турцыю ажыццяўляюцца ў аблёт — праз тэрыторыю Расіі.
У дачыненні да "Белавія" дзейнічаюць санкцыі, уведзеныя з-за інцыдэнту з самалётам авіякампаніі Ryanair. Кампанія страціла больш за дзве траціны краін-кірункаў для перавозак пасажыраў з-за закрыцця шэрагам краін сваёй паветранай прасторы. "Белавія" не можа выконваць палёты ў 21 краіну. Акрамя таго, самалёты еўрапейскіх авіякампаній адмовіліся ад выкарыстання паветранай прасторы Беларусі. Віцэ-прэм'ер Анатоль Сівак ацаніў страты авіягаліны Беларусі з-за заходніх санкцый у 10,3 мільёна долараў у месяц.