Сапсавалі тэхніку, журналістаў збілі, а потым аштрафавалі. Вярхоўны суд не знайшоў парушэнняў

Берасцейскія журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава прайшлі ўсе судовыя інстанцыі ў Беларусі, намагаючыся абскардзіць дзеянні праваахоўнікаў. Вярхоўны суд Беларусі адхіліў скаргі незалежных журналістаў, як і ўсе судовыя інстанцыі раней.

Журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава

Журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава


Журналістаў жорстка затрымалі ў Кобрыне 18 сакавіка пасля асвятлення акцыі недармаедаў. Іх збілі, забралі тэхніку і склалі два пратаколы: за «парушэнне заканадаўства аб СМІ» і «непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў». Журналісты заяўляюць, што міліцыянты пагражалі ім расстрэлам.
Суд Кобрынскага раёну 13 красавіка пакараў журналістаў штрафам памерам амаль у Br 2000.
Пасля гэтага журналісты прайшлі ўсе судовыя інстанцыі Беларусі, але нідзе не змаглі дабіцца справядлівасці.
«Гэта быў своеасаблівы эксперымент, каб паказаць, што ў Беларусі няма такіх структур як суды і пракуратура. Мы напісалі скаргі куды толькі было магчыма – на ўсе ўзроўні міліцыі, следчага камітэту, пракуратуры, і ўсюды мы атрымлівалі адпіскі, нашымі скаргамі гулялі ў гарачую бульбу. Прайшлі ўсе ўзроўні судоў – суд Кобрынскага раёну, Берасцейскі абласны суд, старшыню Берасцейскага абласнога суда, вярхоўны суд. І хоць мы не дабіліся праўды заклікаю беларусаў масава пісаць скаргі, калі вашы правы парушаны, рана ці позна гэта дасць вынік», – распавёў Алесь ЛяўчукБелсату.
Тым часам Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава збіраюцца абараняць свае права за межамі Беларусі і рыхтаваць скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН.