Што святкуем 8 сакавіка?

Ёсць шмат людзей, якія савецкія святы лічаць недарэчнымі і штучнымі. Маўляў, якое дачыненне сучасныя жанчыны маюць да Розы Люксембург, Клары Цэткін і першага «маршу пустых рондаляў» ткачых у Нью-Ёрку ў 1857 годзе? 



str_1_vinshavanne_1.gif

Напрыклад, 8 сакавіка. Маўляў, якое дачыненне сучасныя жанчыны маюць да Розы Люксембург, Клары Цэткін і першага «маршу пустых рондаляў» ткачых у Нью-Ёрку ў 1857 годзе? Дарэчы, кажуць, што гэты марш гістарычна не пацвярджаецца — яго выдумалі, каб адарваць дату 8 сакавіка ад камуністычнай традыцыі. Спроба была марнай, бо пацвярджаецца аналагічны марш і там жа, у Нью-Ёрку, але ў 1908 годзе.

Рэзка супраць святкавання 8 сакавіка выступаюць некаторыя прадстаўнікі праваслаўнай царквы. Знакаміты дыякан-публіцыст Андрэй Кураеў дапісаўся да таго, што, абвясціўшы 8-е сакавіка святам, рэвалюцыйныя іудзеі прымусілі палову свету адзначаць Пурым. І яго не хвалюе, што Пурым прывязаны да месячнага календару і кожны год зрушваецца туды-сюды. Напрыклад, у гэтым годзе ён прыпадае на 5 сакавіка, а ў 2014 годзе быў аж 15 сакавіка. Шмат хто з праваслаўных наракае, што 8 сакавіка прыпадае на Вялікі пост, і святкаваць яго — недарэчна.

Праціўнікі святкавання Міжнароднага жаночага дня сцвярджаюць: ёсць у свеце шмат іншых, больш спрыяльных «жаночых дзён». У праваслаўных — тыдзень жонак-міраносіц, які святкуецца праз два тыдні пасля Вялікадня. Найстарэйшае жаночае свята — Мацярынская нядзеля — адзначаецца ў Вялікабрытаніі і Ірландыі з пачатку 17 стагоддзя ў чацвёртую нядзелю Вялікага посту. Але гэта ўсё — ад пачатку царкоўныя святы. Для астатніх ёсць амерыканскі Дзень маці — адно з самых капіяваных святаў па ўсім свеце. Услед за ЗША другую нядзелю мая абвясцілі святам 23 краіны, а яшчэ больш за 30 адзначаюць яго ў іншыя дні. У Беларусі Дзень маці — 14 кастрычніка.

Але, калі пакапацца ў гістарыяграфіі «Дня маці», то ён ідэйна амаль нічым не адрозніваецца ад 8 сакавіка. У ЗША Дзень маці ўпершыню публічна быў абвешчаны вядомай амерыканскай пацыфісткай Джуліяй Уорд Хоўв у 1872 годзе. «Дзень маці», па меркаванні Джуліі Уорд, — дзень адзінства матуль у барацьбе за мір ва ўсім свеце. Ну і чым гэта лепей за Міжнародны дзень барацьбы за правы жанчын і міжнародны мір (8 сакавіка па класіфікацыі ААН)?

Кепска не тое, што 8 сакавіка сапсавалі камуністы. Кепска тое, што гэты «дзень жанчын» ператварыўся ў адзін дзень у годзе. Хай бы кожны дзень быў іхнім днём. На вялікі жаль, седзячы ў офісах і на заводах, за працай і штодзённай руцінай мы, мужыкі, забываемся на самае прыгожае, што ёсць навокал нас. Бо жанчыны — нейкія чароўныя істоты, нібыта з іншай планеты. Паглядзіце хаця б, як яны ходзяць: ніводны мужчына так не здолее. Нібыта не ходзяць, а плывуць…

Калі б я быў выдаўцом, я б адмыслова выпусціў штодзённік для мужчынаў, дзе б раз на два тыдні былі нагадванні: «Калі ты ў апошні раз дарыў любай кветкі?», альбо «Калі ты апошні раз гатаваў вячэру?», альбо «Схадзі са сваёй жанчынай у тэатр альбо кіно!». Колькасць разводаў у тых, хто б набыў гэтыя дзённікі, знізілася б удвая.

Ну, гэтую бізнэс-ідэю я дарую таму, хто здолее яе ажыццявіць. А пакуль пытанне ранейшае: што ж рабіць тым, хто не жадае адзначаць Міжнародны жаночы дзень?

Адказ адзін: усё роўна адзначайце!

Напрыклад, 8 сакавіка — знакамітая дата для ўсіх аматараў музыкі. Менавіта ў гэты дзень у 1929 годзе ў Ленінградзе ў Малым оперным тэатры ўпершыню выступіў аркестр «тэатралізаванага джаза» Леаніда Уцёсава. У гэты ж дзень, але ў 1962-м, адбылося сапраўднае нараджэнне групы «The Beatles» — іх дэбют на радыё BBC з Пітам Бестам за барабанамі. Яны выканалі песню Роя Орбісана «Dream Baby». З гэтага моманту іх музычная вядомасць пайшла на ўзлёт.

8 сакавіка 1993 года на MTV упершыню выйшаў мультфільм, які стаў легендай ва ўсім свеце — распачаўся першы сезон «Бівіса і Батхеда», які стаў прабацькам жанру Cartoon Network’s Adult Swim («мультфільмы для дарослых»).

А яшчэ 8 сакавіка можна лічыць «Сусветным днём бландзінкі». Бо гэтая дата прыпадае якраз паміж «Днём розуму» і «Міжнародным днём хатніх казурак» — абодва святы па класіфікацыі вядомага сатырыка і паэта Ігара Губармана. Бо ў кожнага свае прусакі ў галаве, а «з прусакамі ў галаве», па анекдотах, у нас блонды.

8 сакавіка можна лічыць днём вызвалення мужчынаў ад жанчынаў. У 1887 годзе менавіта ў гэтую дату жыхар амерыканскага горада Брысталь Эверэт Хортан запатэнтаваў тэлескапічную вуду. Легенда кажа, што Брысталь быў вельмі рэлігійным і аскетычным горадам, і ўсе забаўкі, да якіх адносілі і вуджэнне, лічыліся заганнымі. Тады машыніст Хортан, каб без перашкодаў займацца любімай справай, зрабіў вуду з металічных трубак, якая звонку выглядала як простая палка.

І ўсё ж «жаночых знакаў» у гэты дзень даволі шмат. У 1910 годзе ў Францыі 8 сакавіка Эліза Дэрош атрымала пасведчанне пілота самалёта — першая ў свеце жанчына-пілот. У 1914-м — выйшаў у свет першы нумар часопіса «Работніца». А 8 сакавіка 1987 года ўпершыню ў канцэртнай зале «Арляня» прайшоў паказ калекцыі Валянціна Юдашкіна.

Так што, пакапаўшыся ў календары, можна знайсці шмат цікавых падзей і святаў на гэты дзень, сапраўды не толькі жаночы. Але ўсё ж — паклапаціцеся пра кветкі для сваіх любых!