Штрафы ў Беларусі хочуць замяніць на грамадскія працы

Міністэрства ўнутраных спраў не выключае магчымасці ўвядзення грамадскіх работ у якасці пакарання за некаторыя адміністрацыйныя правапарушэнні.



Як паведаміў начальнік управы прафілактыкі галоўнай управы аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Беларусі Алег Каразей на прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БелТА, аб сваёй зацікаўленасці разгледзець пытанне аб грамадскіх працах у якасці санкцыі, альтэрнатыўнай штрафу або адміністрацыйнага арышту, ужо заяўлялі іншыя дзяржаўныя органы, між іншым Генеральная пракуратура.

“У прынцыпе мы гатовыя гэтае пытанне разглядаць, — адзначыў Каразей. — Але паўстане пытанне: хто будзе гэта выконваць, гэта ж таксама дадатковая нагрузка. У якім парадку будуць выконвацца гэтыя працы? Трэба, каб не з'явілася пытанне аб увядзенні дадатковых штатных адзінак для выканання гэтага спагнання”.

“Тут ёсць свае відавочныя плюсы, але ёсць і мінусы. Трэба абмяркоўваць. У прынцыпе пытанне стаіць на парадку дня, не выключана, што яно будзе мець развіццё”, — дадаў чыноўнік.

У той жа час МУС выступае з прапановай увесці ў якасці альтэрнатывы штрафных санкцый і арышту такую меру, як папярэджанне, напрыклад у выпадку дробнага хуліганства, піша БелаПАН.

“У шэрагу выпадкаў паняцце дробнае хуліганства — вельмі расцяжное. Не сфармуляванае выразна, што менавіта тое ці іншае дзеянне — дробнае хуліганства. Уключэнне ў якасці санкцыі папярэджання дазволіць органу, які разглядае справу, прымяняць закон з улікам канкрэтнай сітуацыі, абставін, змякчальных або абцяжарваючых адказнасць, а таксама асобы правапарушальніка", — сказаў Каразей.

Калі цяпер кожны выпадак правапарушэння патрабуе ад міліцыі запаўняць мноства папер, да прыкладу рапарт, пратакол апытання і пратакол аб правапарушэнні, то папярэджанне можна было б выносіць, не пачынаючы адміністрацыйны працэс і папяровую працу, што суправаджае яго.

“Міліцыянт зможа проста падысці і папярэдзіць чалавека, які перабег на чырвонае святло светафора, што яго дзеянні небяспечныя ў першую чаргу для яго самога”, — растлумачыў прадстаўнік МУС.

Паводле: Хартыя 97

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: