Сіманаў: Кангрэс рускай прэсы выслухаў галоўнага душыцеля свабоды слова
Арганізатары XV Кангрэса рускай прэсы, які праходзіць у Мінску, далі найвышэйшую ацэнку «беражліваму стаўленню» да рускай мовы ў Беларусі, адзначыўшы ў гэтым заслугу кіраўніцтва краіны і асабіста Аляксандра Лукашэнкі. Пра дыскрымінацыю і заняпад беларускай мовы, якая церпіць ад татальнай русіфікацыі, на кангрэсе ніхто не згадваў.
Прэзідэнт Сусветнай асацыяцыі рускай прэсы Віталь Ігнаценка задаволены тым, што Беларусь як ніводная іншая краіна шануе рускую мову ва ўрон уласнай беларускай,
а колькасць выданняў тут толькі расце:
«З нашага боку вельмі высокая ацэнка таму, як ставяцца да рускай мовы ў Беларусі. Гэта цешыць. Увогуле, мы хочам, каб людзі, якія бяруць у рукі
рускую газету ці глядзяць рускае тэлебачанне, разумелі — якая вялізная культура стаіць за рускай мовай, якая вялізная магутнасць за ёй. Надзвычай складана
ў якойсці краіне ўтрымліваць тэлебачанне ці ўтрымліваць газеты, але мы намагаемся ўсім дапамагаць. І вось сёння ў Беларусь прыехалі прадстаўнікі
60 краінаў, дзе руская прэса трыюмфуе».
Тэлеграму на адрас удзельнікаў кангрэсу даслаў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, які адзначыў, што форум «па праву лічыцца адной з самых
заўважных падзеяў у жыцці ўсяго Рускага свету»: «Ён традыцыйна збірае ўсіх тых, каму блізкая руская мова, хто цікавіцца гісторыяй і сённяшнім днём
Расіі, цэніць яе найбагацейшую культурную, духоўную спадчыну».
«Трыюмф» рускамоўнай прэсы радуе і Аляксандра Лукашэнку, які асабіста наведаў імпрэзу і ў сваім выступе агучыў меркаванне — маўляў, усе беларусы лічаць рускую мову роднай для сябе. Лукашэнка ўпэўнены, што сам час паказаў правільнасць надання рускай мове статусу дзяржаўнай. Не бачыць Лукашэнка і праблемаў са свабодай слова ў Беларусі:
«Былі часы, калі крайнія нацыяналісты хацелі выгнаць з Беларусі не толькі рускую мову, але і ўсіх рускіх людзей. На шчасце, мы перамаглі гэтую небяспеку. Адной
з прычынаў паразы нашых нацыяналістаў зяўляецца тое, што яны былі ярымі праціўнікамі рускай мовы. Прымаючы ў свой час рашэнне аб наданні рускай мове дзяржаўнага статусу,
мы зыходзілі з яснага разумення: вялікая руская мова, якая з'яўляецца фундаментам адной з найвялікшых у свеце культураў, — гэта агульны набытак усіх
народаў, якія калісці стваралі нашу агульную Айчыну».
Прэзыдэнт расійскага фонду абароны галоснасці Аляксей Сіманаў звяртае ўвагу на аднароднасць дэлегатаў кангрэсу, сярод якіх няма ніводнага апанента Крамля, а таксама на тое, што вучыць жыццю журналістаў узяўся адзін з самых жорсткіх душыцеляў свабоды слова ў свеце — Лукашэнка:
«Калі на кангрэсе такая вялізная колькасць удзельнікаў з 60 краін слухае аднаго з самых жорсткіх душыцеляў свабоды слова спадара Лукашэнку, прымаюць яго
на вышэйшым узроўні, то пра што ўвогуле гаварыць? Значыць, гэта кампанія аднадумцаў. Калі Лукашэнка асабіста там выступае, калі Пуцін дасылае туды свае сардэчныя
прывітанні — ну дык цудоўна, значыць, што гэта вельмі добры кангрэс паслухмянай рускай прэсы. Увогуле рэльеф так званай рускамоўнай прэсы робіцца абсалютна аднастайным.
Газет, якія б выдзяляліся „лица необщим выраженьем“, вельмі няшмат. Вось „необщим выраженьем“ задняй часткі, філейных
частак — гэта так, а з „лица необщим выраженьем“ — праблема. На жаль, мы выраўноўваемся ў раўненні
на начальства. Гэта лішні раз дэманструе кангрэс, і гэта вельмі непрыемна бачыць».
Выступаючы перад удзельнікамі кангрэсу, Лукашэнка зазначыў, што яму ўдалося пабудаваць мірную, добрую краіну, у якой нікому нават у галаву не прыйдзе думка «прыціскаць чалавека з-за таго, што ён гаворыць на якойсьці не той мове». Праўда, факты сведчаць якраз пра іншае: беларускамоўны аўтаматычна прыраўноўваецца да апазіцыянера, адукацыя на роднай мове практычна вынішчаная, беларускамоўных выданняў — адзінкі, дый сам Лукашэнка пераходзіць на трасянку, калі хоча прынізіць апанента. Зрэшты, як лічыць журналіст, пісьменнік Аляксей Сіманаў, беларусам не варта адчайвацца, бо са зменай улады жыццё ўсё расставіць па сваіх месцах:
«З цяперашняга пункту гледжання сённяшняя сітуацыя — так, часова горшая. Але я не думаю, каб яна была пагібельнай для беларускай мовы. Увогуле беларуская мова
вельмі добрая, мілагучная, мяккая; цудоўная мова, якая знойдзе сваё месца і праліецца сваім ручаём. Калі мова не ідзе вялікай ракой, гэта значыць, што яна не атрымлівае
дзяржаўнай падтрымкі. А можа, і дзякуй богу, насамрэч. Таму што атрымліваць дзяржаўную падтрымку ад такой крыніцы, як Аляксандар Рыгоравіч, па-мойму,
вельмі небяспечна. Бо потым, як той казаў, невядома адкуль нарывы з'яўляюцца».
Падчас кангрэсу былі раздадзеныя ганаровыя граматы ўраду Расійскай Фэдэрацыі выданням, якія найбольш адзначыліся на ніве рускамоўнай журналістыкі. У ліку пяці лаўрэатаў лепшай па прафесіі прызнаная «Советская Белоруссия».