Сімфонія «Курапаты» павінна гучаць і выконвацца
Грамадскасць
просіць міністра культуры Юрыя Бондара ўключыць сімфонію №4 «Курапаты»
заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, кампазітара Кіма Цесакова ў план
канцэртнай дзейнасці Белдзяржфілармоніі на кастрычнік-лістапад наступнага
года.
Пра гэта гаворыцца ў лісце ў Міністэрства культуры актывістаў грамадскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў».
Аўтары лісту, між іншым нагадваюць, што ў 2018 годзе беларуская грамадскасць адзначыць 30-я ўгодкі адкрыцця Курапатаў, унесеных у Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, як помнік гісторыі і археалогіі міжнароднага значэння «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 30-40-х гадоў XX стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты».
Сярод мерапрыемстваў, якія мяркуе зладзіць ініцыятыва да 30-годдзя адкрыцця Курапатаў, што сталі сімвалам нацыянальнай трагедыі беларусаў у гады сталінізму, пералічваюцца вандроўкі па гарадах Беларусі дакументальна-мастацкай выставы «Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні», выданне зборніку матэрыялаў круглых сталоў па праблемах мемарыялізацыі, выхаваўчага патэнцыялу і экалагічнаму стану Курапатаў, правядзенне міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі па праблемах выхавання культуры памяці, падвядзенне вынікаў II этапу Міжнароднага адкрытага грамадскага творчага конкурсу «Курапаты – народны мемарыял» пад дэвізам «Праз Курапаты – да пакаяння», а таксама выкананне Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Рэспублікі Беларусь сімфоніі №4 «Курапаты».
Для ўдзелу ў сустрэчы з шаноўным Кімам Дзмітрыевічам Цесаковым мяркуецца запрасіць выбітных прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, журналістаў і дыпламатаў, у тым ліку прадстаўнікоў амбасадаў Еўразвязу, ЗША, Ізраіля і Украіны.
Нагадаем, што выбітны беларускі кампазітар, вучань Дзмітрыя Шастаковіча Кім Цесакоў – аўтар адзінага твору айчыннай класічнай музыкі, прысвечанага Курапатам і завершанага 8 лютага 1990 году. Твор з посьпехам выконваўся ў Беларусі і шэрагу замежны краінаў. Вядомы дырыжор, народны артыст СССР Яўген Святланаўназваў музыкай сусветнага ўзроўню сімфонію №4 «Курапаты» Кіма Цесакова.
Сярод падпісантаў лісту – Вацлаў Арэшка, Аляксей Галіч, Валянціна Вяргей, Вінцук Вячорка, Мікола Купава, Алесь Макаў, Валянціна Свяцкая і аўтар гэтага артыкула.