Сяргей Навумчык: Павінна быць люстрацыя, татальная люстрацыя
Публіцыст Сяргей Навумчык — пра тое, што ў новай Беларусі мусіць чакаць «усіх, хто на пасадах судзьдзяў, хто ў сыстэме пракуратуры, усіх сілавікоў».
— Калі чытаеш, зь якім цынічным спакоем на працэсе супраць Аўтуховіча, Гундара, Маёравай і іншых паводзіць сябе судзьдзя («судзьдзя ўважліва выслухаў верш Гундара і загадаў выдаліць яго з залы», «судзьдзя выслухаў заяву пра невыносныя ўмовы ў сьледчым ізалятары і заявіў, што гэта не адносіцца да яго кампэтэнцыі») — разумееш адну рэч, — піша Сяргей Навумчык. —
Пасьля перамогі над
рэжымам Лукашэнкі (калі-небудзь яна адбудзецца) гэтыя судзьдзі заявяць,
што дзейнічалі строга па законе, па інструкцыях — і, я ў гэтым перакананы,
пазьбегнуць адказнасьці. Іншыя судзьдзі, іх калегі, пазбавяць іх гэтай
адказнасьці. Адбывацца гэта будзе на фоне істэрыі «Ня трэба помсты!», «Ня трэба
паляваньня на вядзьмарак!» — як ужо было ў жніўні 1991, калі Пазьняка зацкавалі
за тое, што сказаў пра люстрацыю.
Люстрацыі пасьля 1991 не адбылося. Вынікі вядомыя.
Але галоўнае, паўтараю — адвакаты дакажуць, а судзьдзі
пацьвердзяць, што ўсё было ў адпаведнасьці з законам. Бо адказнасьці за
парушэньне Канстытуцыі (а Канстытуцыя, што старая, што новая, гарантуе свабоду
слова, свабоду мітынгаў, пікетаў і шэсьцяў) у КК няма. Тое ж тычыцца і
сілавікоў.
Так будзе, не сумнявайцеся. У Польшчы пасьля падзеньня
рэжыму за рэпрэсіі былі асуджаныя менш за 20 (!!!) сілавікоў — прафэсійная
праца адвaкатаў і карпаратыўная судзейская салідарнасьць.
Вось чаму павінна быць люстрацыя. Татальная люстрацыя. Ня
верце словам «не ўсе судзьдзі прадажныя», «ня ўсе сілавікі — падонкі», «сярод
іх ёсьць і нармальныя людзі».
Няма там «нармальных».
Яны мелі магчымасьць зрабіць выбар, калі не за 28 гадоў, дык за апошнія
два. (Я не кажу пра тых, хто патаемна перадае інфармацыю грамадзкім
структурам).
Усе, хто на пасадах судзьдзяў, хто ў сыстэме пракуратуры,
усе сілавікі — падкрэсьліваю, усе — павінны быць падвергнутыя татальнай
люстрацыі, пазбаўленыя грамадзянскіх правоў (права галасаваць, права займаць
пасады ці ўвогуле працаваць у дзяржаўных структурах).
Любы першакурсьнік юрфаку будзе непараўнальна больш
кваліфікаваным судзьдзёй, чым асоба з «вопытам» у лукашысцкай сыстэме.
І так, абавязкова выкрaсьліць гады службы рэжыму з
працоўнага стажу.