Сёння — Міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных знікненняў

Традыцыя адзначэння Дня зніклых без вестак 30 жніўня распачатая ў 1980-х гадах лацінаамерыканскай Федэрацый сваякоў зніклых людзей FEDEFAM.

zniknenni.jpg

Міжнародная канвенцыя аб абароне ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў была прынятая 20 снежня 2006 года Генеральнай асамблеяй ААН. Дакумент падпісалі 57 дзяржаў. 19 краін ужо ратыфікавалі Канвенцыю. Беларусь яе дагэтуль не ратыфікавала.

Тым часам праблема гвалтоўных знікненняў для Беларусі актуальная. Восенню 1999 года ў краіне бясследна зніклі адразу два вядомыя апазіцыянеры — былы міністр унутраных спраў Юрый Захаранка і віцэ-спікер Вярхоўнага Савета XIII склікання Віктар Ганчар, а таксама буйны прадпрымальнік Анатоль Красоўскі. Летам 2000 года бясследна знік аператар расійскага тэлеканала ОРТ Дзмітрый Завадскі.

Следства па справе зніклых палітыкаў так і не ўстанавіла ні акалічнасцей іх знікнення, ні вінаватых у гэтым. Афіцыйна пра іх лёс нічога невядома. Паводле неафіцыйных звестак, яны сталі ахвярамі "эскадрону смерці".

Справы зніклых не павінны быць спісаныя ў архіў, для грамадства ў іх не можа быць тэрміну даўніны, нават праз 15 год.