СК раставіў кропкі: Паліенку вінавацяць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу
Былому палітвязню Змітру Паліенку, затрыманаму 20 сакавіка па падазрэнні ў здзяйснення злачынства паводле ч. 3 арт. 339 КК («Асабліва злоснае хуліганства») урэшце прадяўлена абвінавачванне.

Зміцер Паліенка. Фота: ПЦ "Вясна"
Пра гэта праваабаронцам стала вядома ад сяброўкі актывіста Марыны Касінеравай.
Актывіста вінавацяць паводле арт. 341 (апаганьванне будынкаў ці іншых збудаванняў цынічнымі надпісамі або малюнкамі, псаванне маёмасці на грамадскім транспарце або ў іншых грамадскіх месцах), частцы 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні; Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці або розні, на прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці, і па частцы 3 арт. 339 Крымінальнага кодэксу РБ (асабліва злоснае хуліганства).
Усе справы аб’яднаныя ў адну, іх вядзе Заводскі раённы аддзел Следчага камітэту.
Па словах прадстаўніка Следчага камітэту РБ Юлі Ганчаровай, меру стрымання Паліенку не змянялі: ён працягвае заставацца пад вартай.
«У дачыненні да абвінавачанага прызначаная стацыянарная судова-псіхолага-псіхіятрычная экспертыза», — паведаміла прадстаўнікам СМІ Ганчарова.
Вядома толькі, што актывіста перад гэтым перавялі з СІЗА ў Жлобіне ў СІЗА №1 у Мінску.
Нагадаем, Зміцера Паліенка брутальна затрымалі ў сваёй кватэры раніцай 20 сакавіка па падазрэнні ў здзяйснення злачынства паводле ч. 3 арт. 339 КК (“Асабліва злоснае хуліганства”), а менавіта ў тым, што ён распыліў пярцовы балончык у твар мужчыне ў пад’едзе жылога дому, дзе актывіст чакаў знаёмага.