Справа блогера Філіповіча: міліцыя абавязаная афіцыйна папрасіць прабачэння
31 ліпеня ўступае ў законную сілу пастанова суддзі суда Савецкага раёна Гомеля Віталя Каўбені, па якой адміністрацыйны пераслед вядомага гомельскага блогера Максіма Філіповіча за вядзенне стрымаў на канале «Гарантий Нет» ў YouTube спынена з прычыны адсутнасці складу правапарушэння.

Гомельская Вясна спытала юрыста Леаніда Судаленка аб адказнасці тых, хто пачынае пройгрышныя працэсы.
Прававед падкрэслівае, што ў справе Максіма Філіповіча вартавыя парадку з Савецкага РАУС Гомеля двойчы рабілі спробу прыцягнення блогера да адказнасці. Першы раз суд па сваёй ініцыятыве накіраваў справу на дапрацоўку ў раённы аддзел міліцыі, другі раз наогул спыніў яго.
«Пасля ўступлення адмоўнай пастановы ў законную сілу (31 ліпеня) накіруем у Савецкі РАУС патрабаванне аб прынясенні Максіму Філіповіч афіцыйнага прабачэння за прычыненую ўчастковым міліцыянтам шкоду. Такое права прадастаўляецца кожнаму главой 13 (1) ПВКаАП», — заявіў Судаленка.
Нагадаем, падставай для складання ў дачыненні да блогера пратаколу стаў рапарт, які паступіў у Савецкі РАУС з міліцыі грамадскай бяспекі УУС Гомельскага аблвыканкама.
У ім адзначалася, што на YouTube ёсць канал «Гарантий Нет», зарэгістраваны Філіповічам, на які падпісаны 24,3 тысячы чалавек, а «агульная колькасць праглядаў кантэнту складае больш за 5,3 мільёна адзінак».
Паводле belaruspartisan.org