Справу аб забойстве Шарамета засакрэцілі
Нацыянальная паліцыя Украіны з 24 ліпеня 2017 года засакрэціла ўсе рашэнні судоў па справе аб забойстве журналіста Паўла Шарамета.

«Пастановай Галоўнага следчага ўпраўлення Нацыянальнай паліцыі ад 24 лiпеня 2017 года аб прымяненні мер бяспекі ў адносінах да асобаў, якія прымаюць удзел у крымінальнай судовай вытворчасці, прадпрыемства (дзяржаўнае прадпрыемства «Інфармацыйныя судовыя сыстэмы») абавязана абмежаваць у Адзіным рэестры судовых рашэнняў поўны і агульны доступ да пастановаў, прынятых следчымі суддзямі Пячэрскага раённага суда Кіева па хадайніцтвах у крымінальнай вытворчасці», — гаворыцца ў рашэнні.
Прычыну Нацпаліцыя не назвала.
У дадзены момант з Адзінага рэестру судовых рашэнняў выдаленыя з адкрытага доступу больш за 200 рашэнняў па справе аб забойстве Шарамета. У прыватнасці, выдаленыя рашэнні аб прадастаўленні паліцыі інфармацыі аб мабільных перамовах магчымых фігурантаў крымінальнай справы.
20 ліпеня 2016 года аўтамабіль, за рулём якога знаходзіўся Шарамет, быў падарваны ў цэнтры Кіева.
svaboda.org