Сталічны рэферэндум

Абаронцы сталічнага Севастопальскага парку хочуць ініцыяваць рэферэндум, каб захаваць зялёную зону ў цэнтры горада.

Севастопальскі парк — зялёны масіў плошчай 73,16 гектара ў Першамайскім раёне Мінска. У ім месцяцца 8 артэзіянскіх свідравінаў, якія могуць забяспечваць да 500 000 жыхароў сталіцы якаснай пітной вадой.

Абаронцы сталічнага Севастопальскага парку хочуць ініцыяваць рэферэндум, каб захаваць зялёную зону ў цэнтры горада.
Севастопальскі парк — зялёны масіў плошчай 73,16 гектара ў Першамайскім раёне Мінска. У ім месцяцца 8 артэзіянскіх свідравінаў, якія могуць забяспечваць да 500 000 жыхароў сталіцы якаснай пітной вадой.
Ва ўмовах вялікага горада Севастопальскі парк — гэта не толькі месца прагулак і адпачынку мясцовых жыхароў, але і “лёгкія раёна, гарант экалагічнай бяспекі, — адзначаюць спецыялісты. Ад 1996 года было здзейснена некалькі спробаў забудовы Севастопальскага парку. Органы дзяржаўнай улады, па словах мясцовых жыхароў, якія адстойваюць парк, даюць супярэчлівую і няпоўную інфармацыю аб стане свідравінаў, што дае падставы для сумневаў у іх рабоце. Згодна генеральнаму плану забудовы Мінска, праз тэрыторыю парку меркавалася правесці “3-е кальцо аўтадарогі. Але пасля пратэстаў мясцовых жыхароў гэтае рашэнне адкладзена да 2020 года. Калі дарога будзе пабудаваная, то мусяць быць ліквідаваныя свідравіны, а сам парк пазбаўлены статусу водаахоўнай і ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны. Гэта дасць легальныя падставы для яго далейшай забудовы.
У кантэксце гэтых праблем быў праведзены круглы стол са спецыялістамі і жыхарамі прылеглых да парку вуліц. Удзельнікі круглага стала заклікаюць гарадскія ўлады ўлічваць грамадскае меркаванне пры прыняцці рашэнняў адносна Севастопальскага парка і іншых зялёных насаджэнняў у Першамайскім раёне Мінска. Адзіным выйсцем для вырашэння спрэчак вакол Севастопальскага парку і свідравінаў з вадой жыхары бачаць правядзенне мясцовага рэферэндуму, на які будуць вынесеныя пытанні пра лёс парку.
Віктар Янчурэвіч, лідар “Еўрапейскай перспектывы, адзначае: “Мясцовыя жыхары, даведзеныя да адчаю, не бачаць іншага выйсця, як вырашыць вострае пытанне праз раённы рэферэндум. Гэтае патрабаванне абгрунтаванае, і наша задача — спрыяць грамадзянам у рэалізацыі іх законных патрабаванняў.