Стала вядома, колькі вайскоўцаў будзе на парадзе 3 ліпеня
У вайсковым парадзе з нагоды афіцыйнага Дня незалежнасці Беларусі 3 ліпеня ў Мінску возьмуць удзел прыблізна 4000 вайсковаслужбоўцаў. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве абароны, перадае Белсат.
Удзельнічаць у парадзе будуць выхаванцы кадэцкіх вучэльняў і спецыялізаваных ліцэяў, курсанты ваенных вну і кафедраў, вайсковаслужбоўцы гвардзейскіх механізаваных, дэсантна-штурмавых і паветрана-дэсантных брыгадаў, а таксама брыгады спецыяльнага прызначэння. Урачыстым маршам пройдуць памежнікі, міліцыянты, ратаўнікі, вайсковаслужбоўцы тэрытарыяльнай абароны.
На парадзе будуць прадстаўлены асноўныя ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі Беларусі, у тым ліку авіяцыйнай.
Пасля пляц-канцэрту роты ганаровай варты і выступу зводнага ваеннага аркестра Узброеных Сілаў адбудзецца святочны салют.
Пачнецца парад 3 ліпеня а 21:00. Генеральную трэніроўку плануецца правесці 1 ліпеня на скрыжаванні праспектаў Пераможцаў і Машэрава.
belsat.eu