Старшыня БХК Алег Гулак: Грамадзянская супольнасць значна недапрацоўвае ў плане рэінтэграцыі асуджаных
Аб гэтым заявіў старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак на выніковай канферэнцыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Садзейнічанне інтэграцыі асоб, якія вызваліліся з месцаў заключэння, у Беларусі", якая праходзіць у Мінску .
Алег Гулак
Праект з бюджэтам для Беларусі прыкладна 200 тыс. еўра рэалізуецца ў 2013—2015 гадах Міжканфесійнай місіяй "Хрысціянскае сацыяльнае служэнне" ў партнёрстве з
арганізацыяй "Венгерская міжцаркоўная дапамога". Ён фінансуецца Еўрапейскім саюзам і Міністэрствам замежных спраў Венгрыі.
Асноўныя ўдзельнікі праекта з беларускага боку — царкоўныя структуры.
"А гэта ж праблема грамадская. Праблема не толькі ў тым, ці прыйдзе чалавек да Бога, выратуе ён сваю душу ці не. Праблема ў тым, як ён будзе жыць з людзьмі, як усяму астатняму грамадству
жыць з людзьмі, якія калісьці пераступілі закон. Як мінімізаваць іх патэнцыяльную шкоду. Як з патэнцыяльна дрэнных зрабіць іх патэнцыяльна добрымі", — адзначыў кіраўнік
БХК.
Гулак заявіў, што, на жаль, сёння грамадскія аб'яднанні гэтай праблеме надаюць мала ўвагі.
"Мы бачым вельмі цікавыя праекты актыўнасці, працы грамадскіх арганізацый, грамадзянскай супольнасці ў сферы дапамогі дзецям, усякім пацярпелым… Вось дамашняе
насілле… У такіх сферах ужо досыць шмат робіцца. А гэта сфера пакуль была занадта незаслужана абдзелена ўвагай", — лічыць ён.
Кіраўнік БХК лічыць, што ўдзел грамадскіх структур, грамадзянскай супольнасці — "гэта якраз тое неабходнае звяно, той матыватар, які ўносіць вельмі важны чалавечы змест у працэс
рэсацыялізацыі — вяртання ў соцыум".
Гулак упэўнены, што "грамадства можа дапамагчы тым, хто гатовы зрабіць пазітыўны выбар, дапамагчы вызначыцца з выбарам тым, хто яшчэ не паспеў". "Тут
шмат магчымасцяў, якія дагэтуль не выкарыстаныя", — сказаў ён.
"Адназначны акцэнт на тое, што людзі самі вінаватыя, крыху расхалоджвае грамадства. Важна памятаць, што так, яны безумоўна вінаватыя, але каб яны нармальна жылі — гэта наш
агульны інтарэс", — заявіў Алег Гулак.
Паводле БелаПАН