Статкевіч прыехаў у Берасце на акцыю супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу. Яго і некалькіх пратэстоўцаў затрымалі

14 кастрычніка на акцыю супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасці выйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Да іх далучыўся адзін з апазіцыйных лідэраў Мікола Статкевіч. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода. 

09283529_a475_4df7_8cd2_8545aad706c9_w650_r0_s.jpg

На пачатку акцыі стала вядома пра аднаго затрыманага актывіста — Дзмітрыя Бекалюка.
Паводле ацэнкі праваабаронцы Рамана Кісляка, на плошчу ў Берасці выйшла болей як 120 чалавек.
Акцыя завершылася нестандартна. Каля 13-й гадзіны людзі самі падышлі да аўтазака і спыталіся ў амапаўцаў, ці будуць тыя забіраць блогераў Пярухіна і Кабанава.
Адразу ж да аўтазака падбегла каля двух дзясяткаў амапаўцаў. Яны схапілі Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава, а таксама Міколу Статкевіча.
Аўтазак з'ехаў у Ленінскае РАУС. Людзі, якія засталіся, вырашылі ісці да пастарунка, каб падтрымаць затрыманых. Але праз 100 мэтраў у два міліцэйскія УАЗы забралі яшчэ 2 пратэстоўцаў — Віталя Казака і Уладзіміра Мароза.
Пасля гэтага каля 15 чалавек працягнулі ісці да Ленінскага РАУС.
Сходы праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу адбываюцца ў Берасці некалькі месяцаў штонядзелі.
Звычайна яны абыходзіліся без затрыманьняў. Людзі збіраліся на плошчы «каб пакарміць галубоў» і не выкрыквалі ніякіх лозунгаў.
Затрымліваць удзельнікаў пачалі цягам апошніх двух тыдняў. Некалькіх пратэстоўцаў аштрафавалі.
10 кастрычніка 7 актывістаў атрымалі папярэджаньні пракуратуры аб недапушчальнасьці ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях. У іх ліку і блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў. Пасля гэтага яны выклалі на сваім канале заклік выйсці на плошчу.