Статкевіч патлумачыў, чаму напісаў пра ўчынкі некаторых кандыдатаў
Марына Адамовіч, жонка палітвязня Мікалая Статкевіча, атрымала ліст ад мужа, у якім ён коратка тлумачыць, чаму ў ранейшых лістах закрануў такую балючую тэму, як паводзіны на Плошчы і пасля яе некаторых кандыдатаў у прэзідэнты.
«Ён піша, вось: «Даруй, што ўцягнуў цябе ў гэтыя разборкі, але яны неабходныя, бо ўжо ў будучым годзе рэальна пачнецца прэзідэнцкая кампанія
і нельга дапусціць, каб у ёй удзельнічалі ці ўплывалі на яе тыя, хто зганьбіў сябе падчас папярэдняй. Ды і патэнцыйныя кандыдаты
павінны ведаць, што іх дзеянні будуць потым публічна разабраныя».
Дыскусія вакол лістоў былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча ідзе ўжо каля месяца. Сам Статкевіч лічыць, што некаторыя з ягоных калегаў-кандыдатаў 19 снежня 2010
года здрадзілі прынятым раней дамовам. І нават пайшлі на супрацоўніцтва з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, каб застацца на волі.
Мікалай Статкевіч за падзеі на Плошчы атрымаў 6 гадоў зняволення, палітыка трымаюць ў магілёўскай турме. 23 лютага Марына Адамовіч паведаміла карэспандэнту “Свабоды”, што чарговым разам збіраецца скардзіцца ў пракуратуру на парушэнні правоў палітвязня Міколы Статкевіча.