Суд пакінуў пад вартай палітзняволеную Марфу Рабкову
У судзе Партызанскага раёна Мінска 22 верасня разглядалася скарга каардынатаркі Валанцёрскай службы ПЦ «Вясна» Марфы Рабковай на прымяненне меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Судовае пасяджэнне па скарзе праходзіла ў закрытым рэжыме.
Суддзя Міхаіл Хома адмовіў у задавальненні скаргі, мера стрымання пакінутая ранейшай — утрыманне пад вартай.

Суддзя Міхаіл Хома.
Увечары 17 верасня, калі Марыя Рабкова і яе муж Вадзім Жаромскі вярталіся дадому, да іх пад'ехала некалькі мікрааўтобусаў. Супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) выйшлі з транспартных сродкаў і паклалі праваабаронцу і яе мужа тварам у асфальт. Мужу і жонцы паведамілі, што яны затрыманыя ў рамках крымінальнай справы, узбуджанай па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі за «навучанне ці іншую падрыхтоўку асоб да ўдзелу ў масавых беспарадках ці фінансаванне такой дзейнасці».
Праваабарончая супольнасць прызнала Марфу Рабкову палітвязнем.