Суд разгледзеў іск студэнтаў, якіх адлічылі пасля падзей 26 кастрычніка

Дзевяць цяпер ужо былых студэнтаў падалі іск у суд на Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, які іх адлічыў. Прычынай сталі падзеі 26 кастрычніка. У той дзень студэнты сышлі з пары, каб пагаварыць з нядаўна прызначаным рэктарам Наталляй Карчэўскай. На наступны дзень студэнты даведаліся пра загад аб сваім адлічэнні з фармулёўкай «за грубае / сістэматычнае парушэнне правілаў унутранага распарадку». 31 снежня суд Кастрычніцкага раёна Мінска вынес рашэнне, паведамляе TUT.BY.



Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY


Пасля падзей 26 кастрычніка Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў адлічыў 17 студэнтаў. Дзевяць з іх вырашылі аспрэчыць гэтае рашэнне ў судзе — і падалі іск у суд. Яны прасілі прызнаць загад аб адлічэнні незаконным і аднавіць іх. Універсітэт быў з гэтым не згодны.

Студэнты, якія падалі на БДУКМ у суд, вучыліся на розных курсах — ад другога да чацвёртага, апошняга. Адны даведаліся пра загад аб адлічэнні ўвечары 27 кастрычніка, іншыя — толькі на наступную раніцу, калі, як звычайна, прыйшлі на заняткі, але іх пропускі аказаліся заблакаванымі.

Працэс вяла суддзя Кастрычніцкага раёна Мінска Ірына Мітраховіч. 31 снежня — пасля трох пасяджэнняў — яна прыняла рашэнне. У іскавых патрабаваннях — прызнаць загады аб адлічэнні неправамернымі і аднавіць на вучобе — студэнтам суддзя адмовіла.

Заслухаўшы бакі і пісьмовыя доказы, суд прыйшоў да высновы, што падстаў для прызнання загадаў незаконнымі не маецца па прычыне адсутнасці з боку адказчыка парушэнняў нормаў заканадаўства, якія рэгулююць парадак, працэдуру, падставы для адлічэння студэнтаў з вышэйшай навучальнай установы.

Паводле інфармацыі адваката Сяргея Зікрацкага, студэнты маюць намер абскардзіць пастанову ў Мінскім гарадскім судзе.

Паводле tut.by