Святлана Алексіевіч: Наш народ не гатовы сёння да барацьбы

Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч, якая знаходзіцца ў Празе, сустрэлася з чэшскай аўдыторыяй у Нацыянальным тэатры. Сустрэча праходзіла ў рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да 80-годдзя першага прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавэла.

2e56a610_150b_4bd2_87ae_d5f6f61389f0_w987_r1_s.png


Сустрэча доўжылася амаль дзве гадзіны. Чэшскі пісьменнік Яхім Топал, які вёў сустрэчу, задаў пісьменніцы пытанне:
— Нядаўна я ў бібліятэцы Вацлава Гавэла сустракаўся з вядомым беларускім апазіцыйным палітыкам Мікалаем Статкевічам, і ён казаў, што Лукашэнка — марыянетка Крамля. Мне цікава: вось Украіна ў агні, ваюе, тысячы чалавечых ахвяраў, увага свету прыкаваная да яе, а ў Беларусі ціха. Што — беларуская апазіцыя зусім стамілася, знясілела пад рэпрэсіямі? Я толькі дадам, што 25 гадоў таму журналісты прыставалі да мяне: маўляў, палякі, вугорцы такія малайцы, а ў вас, чэхаў — нічога. Дык я з тым жа пытаннем да вас.
— Мікалай Статкевіч, напэўна, лепш адказаў бы на гэтае пытанне: ён у эпіцэнтры барацьбы, — адказала Святлана Алексіевіч. — А я лічу, што наш народ не гатовы да барацьбы сёння, ён знаходзіцца ў нейкай прамежкавай, матэрыяльнай стадыі: «человек пробуюший» — спрабуе новае жыццё, новыя рэчы, новую вопратку, да гэтага дадаецца ягоная сялянскасць. І апазіцыя, вядома, вельмі слабая: усе прыкметныя асобы знішчаныя: нехта зламаўся сам, моцных людзей не так шмат. Я якраз схіляюся перад Мікалаем Статкевічам — ён вытрымаў усё да канца: гэта рэдкасны мужчына. Але мне здаецца, Мікалай, што вы рамантык. Нам трэба падрыхтавацца да доўгай працы, наш народ не гатовы сёння рабіць рэвалюцыю, а тая жменька маладых людзей, якая выйдзе на плошчу, а потым яе зноў выкінуць за мяжу — гэта не вырашэнне праблемы. Таму ў нас цяпер драматычныя часы.
Але гэта не значыць, што мы павінны быць у адчаі, нам усё роўна трэба рабіць сваю працу. Нядаўна ў Англіі я сустракалася з Хадаркоўскім — вы ведаеце: гэта асабісты вязень Пуціна — і мы таксама гаварылі, што не трэба ўпадаць у адчай, трэба рыхтаваць сябе і людзей навокал да будучыні. Галоўнае, каб у нас былі людзі для будучыні, а тое надышла вось перабудова — а людзей няма. І замест тых людзей, якіх мы чакалі, з’явіўся Лукашэнка і ўся гэтая шпана.
"Радыё Свабода"