Святлана Ціханоўская: Мае лісты не даходзяць

6 кастрычніка Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з беларусамі ў Варшаве. Пасля яе «Еўрарадыё» задало лідарцы дэмакратычнага руху некалькі пытанняў. Між іншым — пра тое, ці ўдаецца ліставацца з мужам Сяргеем Ціханоўскім, які за кратамі ў Беларусі з траўня 2020 года.

65911dd30d381025cd96d98453b1b995.jpeg


«Вы ведаеце, мае лісты не даходзяць увогуле ні да каго за ўвесь гэты час, — кажа Ціханоўская. — Да яго не дайшло аніводнага».
Паводле слоў Святланы Ціханоўскай, яны перадаюць толькі «кароткія паведамленні праз адваката». І гэта «пытанні здароўя, пра дзетак». «Мы не можам гаварыць ні пра палітычныя дзеянні, ні як суд ідзе, нічога такога. Толькі вось мінімум інфармацыі даведваюся», — распавяла «Еўрарадыё» Ціханоўская.
Ужо больш за год Святлана Ціханоўская жыве з дзецьмі за мяжой. Закрыты суд над Сяргеем Ціханоўскім праходзіць у Гомелі. Яго абвінавачваюць у арганізацыі «масавых беспарадкаў» у Беларусі падчас падрыхтоўкі і правядзення прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе.