Святлана Лябедзька: Жывём сённяшнім днём, а што далей будзе — убачым…
Анатоля Лябедзьку абвінавачваюць у абразе Лукашэнкі, пра гэта распавяла журналістам «Народнай Волі» жонка апазіцыйнага палітыка.
Не так даўно Святлана
Лябедзька, жонка былога старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, схадзіла на
допыт у якасці сведкі па крымінальнай справе, распачатай у дачыненні да яе мужа,
і распавяла падрабязнасці.
«Я скарысталася правам не сведчыць супраць сваіх блізкіх, на гэтым пакуль і кропка», — распавяла Святлана.
Паводле яе слоў, пасля ад’езду Анатоля Уладзіміравіча за мяжу да іх у дом з ператрусам, дзякуй Богу, ніхто не прыходзіў.
Сама Святлана Лябедзька, дарэчы, з’язджаць у іншую краіну не мае намеру.
«Я нават не разглядаю такі варыянт, — гаворыць яна. — Тут засталіся сын, унучка. Калі муж з’язджаў, у яго ж таксама быў зваротны білет. Проста так склаліся абставіны… І зараз ён там, а я тут. Але ў мае планы пераезд не ўваходзіць. Пакуль як ёсць, так ёсць. Жывём сённяшнім днём, а што далей будзе — убачым…
Я не асуджаю тых, хто з’ехаў. На мой погляд, калі ёсць пагроза — лепш быць на волі ў чужой краіне, чым родныя будуць насіць табе перадачы. Мы гэта ўжо праходзілі, і асабіста для сябе паўтарэння гэтай сітуацыі я не хачу…»
Паводле слоў Святланы, падчас допыту з яе не бралі падпіску аб неразгалошванні. Яна кажа, што Анатоля Лябедзьку абвінавачваюць у абразе Лукашэнкі — прэтэнзіі ў праваахоўных органаў узніклі пасля аднаго з ягоных відэаролікаў у YouTube.
Нагадаем, што 17 траўня 2021 года суд прыгаварыў Лябедзьку да 30 сутак арышту паводле артыкула аб удзеле ў несанкцыянаванай акцыі. Палітыка затрымалі ля Дома правасуддзя, дзе ў той дзень пачаўся разгляд так званай «справы студэнтаў». Пасля гэтай адсідкі Лябедзька расказаў журналістам аб невыносных умовах у ізалятары.