Шарэйку вызвалілі ў зале суда
Былую дырэктарку Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі Ганну Шарэйку асудзілі да 2,5 гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў 150 базавых. Аднак усе абвінавачаныя па гэтай справе вызваленыя ў зале суда з улікам адбытага пакарання і амністыі
У пятніцу, 10 чэрвеня, суддзя Уладзімір Давыдаў агучыў прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да сенатара Ганны Шарэйка і яшчэ шасці супрацоўнікаў фабрыкі і прадстаўнікоў кампаній-пастаўшчыкоў.
Справа ў слухалася ў Вярхоўным судзе з лютага гэтага года. Было высунута абвінавачванне ва злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі (арт. 18, ч. 2 арт. 424 КК). Пры гэтым, паводле версіі следства, Шарэйка, калі была гендырэктарам Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі, уступіла ў карупцыйную змову са сваім сужыцелем Вальдэмарасам Норкусам, дырэктарам літоўскай фірмы «Даймас» і заснавальнікам кампаніі «Руском-Р», праз якую ішлі пастаўкі ў Віцебск камбікармоў і кармавых дабавак, паведамляе tut.by
Норкус атрымаў два гады пазбаўлення волі і штраф.
Сваю віну не прызнала як Шарэйка, так і яе былыя намеснікі Надзея Семчанкова, Яўген Канавальчанка і Мікалай Камароў, а таксама партнёры Вальдэмарас Норкус і Міхаіл Разжывін.
Дзяржабвінаваўца Анатоль Мяцельскі папрасіў прызначыць пакаранне ў 2 гады 6 месяцаў для Шарэйка і Норкуса і штраф па 150 базавых з кожнага. Пракурор лічыць, што ўчынкі абвінавачаных нанеслі шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, хоць абвінавачванне прызнала адсутнасць матэрыяльных стратаў па справе (першапачаткова шкоду ацэньваўся у 6,6 млрд рублёў). Абвінавачванне адмовілася і ад таго, што злачынства здзейснена ў складзе групы.
Для намеснікаў Шарэйка Семчанкова і Канавальчанка, а таксама Разжывіна Мяцельскі прасіў па 2 гады пазбаўлення волі і штраф 100 базавых велічынь.
Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны.
Шарэйка знаходзіцца пад вартай са жніўня 2014 года. Пры гэтым у 2011–2013 гадах, калі, паводле следства, дзеянні абвінавачаных наносілі фабрыцы шкоду, Віцебская бройлерная птушкафабрыка была прыбытковай, а 2014-ы год скончыла і зусім у першай дваццатцы самых прыбытковых ААТ краіны (150 млрд рублёў чыстага прыбытку). Па выніках 2015 г. яе чыстыя страты склалі 50 млрд рублёў.