Школа ў Маладзечне заплаціла кампенсацыю сям'і загінулай на бульбе вучаніцы

Сярэдняя школа № 11 Маладзечна выплаціла кампенсацыю бацькам дзяўчынкі, якая загінула на ўборцы бульбы — 15 тысяч рублёў. Яшчэ 35 тысяч застаюцца павінны ў СВК «Хоўхлава».

Фота: Дар'я Буракіна, TUT.BY

Фота: Дар'я Буракіна, TUT.BY



Нагадаем, у сярэдзіне студзеня суд вырашыў пытанне аб кампенсацыі маральнай шкоды сям'і Папчэня: прадпрыемства «Хоўхлава», дзе працаваў кіроўца грузавіка, абавязалі заплаціць 35 тысяч рублёў, а школу № 11 — яшчэ 15 тысяч.
Дырэктары былі ашаломленыя гэтым рашэннем. У «Хоўхлава» казалі, што гэтая сума — амаль месячны заробак усіх супрацоўнікаў. А школа існуе за сродкі, якія вылучае аддзел адукацыі выканкама, і ў самой «няма ні капейкі».
Тым не менш, па словах прадстаўніка прафсаюза РЭП Леаніда Судаленкі, рашэнне суда бакі не абскардзілі.
Школа расплацілася цалкам яшчэ некалькі тыдняў таму. Адкуль узялі грошы (у выканкаме — ці не), там не ўдакладняюць.
«Правялі пэўную працу, гэта нашы ўнутраныя справы. Галоўнае, што мы выканалі рашэнне суда і выплацілі сям'і кампенсацыю», — распавёў дырэктар СШ № 11 Аляксандр Люльковіч.
Другой частцы кампенсацыі — ад ААТ «Хоўхлава» родныя пакуль не дачакаліся.
«Мы адпраўлялі дакументы ў Мінск. Там супрацоўнікі [аддзела прымусовага выканання] кажуць, што грошы ў любым выпадку спагоняць, праз суд (са штрафам і пеняў) ці не», — распавёў бацька дзяўчынкі Алег Папчэня.
На самім прадпрыемстве TUT.BY ўдакладнілі, што пакуль не атрымалі ўсіх неабходных дакументаў для пераводу грошай. Пытанне, ці ёсць чым плаціць, засталося без адказу.
«Будуць дакументы — будзем вырашаць. Рашэнне суда мы не абскардзілі і будзем плаціць, як гаварылася з першага дня», — заявіў дырэктар ААТ Андрэй Стадуб.
Нагадаем, 29 верасня падчас уборкі бульбы пад Маладзечна загінула вучаніца 8-га класа 13-гадовая Вікторыя Папчэня — на яе наехаў грузавік. Кіроўцу асудзілі да 3 гадоў абмежавання волі. А двух настаўнікаў школы за недагляд да 2 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.
Паводле tut.by