Шматдзетная кобрынка просіць абараніць сям’ю ад пераследу сілавікоў

Маці чацвярых дзяцей, у тым ліку месячнага немаўляці, Юлія Дамасевіч з Кобрына просіць абараніць сваю сям’ю ад пераследу сілавікоў.  

Юлія і Зміцер Дамасевічы

Юлія і Зміцер Дамасевічы

У адкрытым лісце ў амбасады Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Францыі, Швецыі і ЗША ў Беларусі жанчына паведамляе, што цягам апошніх 11 месяцаў яе сям’я церпіць пераслед з боку Кобрынскага РАУС. «За гэты перыяд у нас было шэсць вобшукаў і аглядаў, мой муж двойчы быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Перад кожнымі дзяржаўнымі святамі майго мужа спрабуюць затрымаць як палітычна нелаяльнага ўладзе», — зазначае жанчына.  
Паводле яе, 2 ліпеня прыкладна а 6.30 сям’ю пабудзілі званкі і грукат у дзверы. Міліцыянты ў чарговы раз з’явіліся з намерам правесці агляд і затрымаць гаспадара кватэры Змітра Дамасевіча, згодна з ананімным паведамленнем ў Кобрынскі РАУС аб тым, што 3 ліпеня ў гарадскім парку культуры і адпачынку імя Аляксандра Суворава «дэструктыўныя грамадзяне плануюць правесці пікетаванне з ужываннем незарэгістраванай сімволікі».
Пасля таго, як старэйшыя дзеці Дамасевічаў адмовіліся пускаць сілавікоў у пакой, дзе знаходзіўся бацька, намеснік начальніка аддзела аховы і прафілактыкі правапарушэнняў Кобрынскага РАУС  маёр міліцыі Міхаіл Вайтовіч дабіўся свайго праз пагрозы выклікаць прадстаўнікоў органаў апекі. Пасля агляду кватэры медыкі адвезлі ў лякарню Змітра Дамасевіча, у якога паднялася тэмпература.
Апроч Дамасевічаў раніцай 2 ліпеня былі праведзены агляды ў жытле іншых кобрынцаў, у тым ліку шматдзетных маці Марыны Жук і Юльяны Лукашук. Таксама сілавікі спрабавалі патрапіць у месцы пражывання Алеся Мандры і Віктара Рафаловіча.
На 72 гадзіны міліцыянты затрымалі кіроўцу Анатоля Цецерука.