Што вядома пра «справу аб падрыве ў Вілейцы»?

«Дзясяткі затрыманых, забіраюць усіх, хто хоць нечым падазроны». «Свабода» разбіраецца, што чуваць пра гучную справу.

Фота 1863x.com

Фота 1863x.com

2 ліпеня Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі «спрабавалі падарваць расійскую вайсковую базу пад Вілейкай». Ён жа назваў некалькі прозвішчаў затрыманых: Гулевіч, Ашурак, Глотаў, Гаспадароў.
Дзеянні каардынаваліся нібыта праз тэлеграм-канал, які «адміністравалі грамадзянін Германіі і грамадзянка Расіі». Гаворка вядзецца пра тэлеграм-канал «АГСБ» («Атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі»), які беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкім.
За датычнасць да «АГСБ» затрымалі дзясяткі беларусаў, некаторых ужо судзяць. У СІЗА знаходзіцца і грамадзянін Расіі Ягор Дуднікаў, які агучваў паведамленні і відэаролікі ў канале і чаце. Аляксандр Лукашэнка назваў арышты «антытэрарыстычнай аперацыяй».
Журналіст Алег Груздзіловіч, які выйшаў з ізалятара на Акрэсціна 26 ліпеня, расказаў, што ў ізалятары знаходзяцца шмат фігурантаў справы аб «падрыве ў Вілейцы».
«Пад гэтую гісторыю забіраюць усіх, хто хоць нечым падазроны. Я сядзеў разам з лекарам-анэстэзіёлагам, які проста займаўся калісьці пейнтболам. Яго забралі з працы. Быў аспірант БНТУ, які не займаўся тэхнічнымі справамі. Зараз застаўся ў маёй камеры яшчэ адзін чалавек, нічым звязаным з выбухоўкай ён не займаўся», — расказвае Алег Груздзіловіч.
Пры гэтым людзей, затрыманых па справе, адпускаюць. Паводле Алега Груздзіловіча, на волю выйшлі і лекар, і аспірант БНТУ.
Пра дзясяткі затрыманых па «справе аб падрыве ў Вілейцы» расказаў і журналіст Андрэй Дынько, які выйшаў з ізалятара на Акрэсціна.
«На Акрэсціна я зразумеў, што там, у кожнай камеры па адным, сядзяць дзясяткі арыштаваных па справе аб „падрыве“ антэны Вілейскай РЛС Расіі. Між тым, на момант майго затрымання СМІ зусім нічога не ведалі пра гэтыя затрыманні», — напісаў Андрэй Дынько.
Што за «вайсковая база» пад Вілейкай
43 вузел сувязі ваенна-марскога флота Расіі знаходзіцца каля Вілейкі і забяспечвае сувязь Галоўнага штаба Ваенна-марскога флота Расіі з атамнымі падводнымі лодкамі ў раёнах Атлантычнага, Ціхага і Індыйскага акіянаў. Пабудавалі гэтую базу ў 50-х гадах мінулага стагоддзя.
Статус аб’екта вызначае дамова ад 1995 года, якую працягваюць беларускі і расійскі бакі.